Лекі таксама падаражэюць
- 16.01.2009, 9:57
Падвышэнне курсу даляра і еўра адаб'ецца на кошце медыкаментаў.
«У аптэцы раствор для лінзаў падаражэў на 4 тысячы! Кажуць, што падаражэюць і лекі», - датэлефанавалася ў рэдакцыю «Комсомольской правды в Беларуси» занепакоеная чытачка.
У сталічных аптэках пацвярджаюць, што імпартныя лекі могуць падаражэць.
«Кошты на лекі ў нас пакуль не змяняліся. Але з новым паступленнем імпартныя лекі, хутчэй за ўсё, падаражэюць», - распавялі ў адной з цэнтральных аптэкаў горада.
«Падвышэнне курсу даляра і еўра адаб'ецца на кошце медыкаментаў. Але кошты ў нас пакуль не змяняліся», - трывожацца ў прыватнай аптэцы.
А у прэс-службе Мінэканомікі сцвярджаюць, што рост кошту імпартных лекаў звязаны з дэвальвацыяй беларускага рубля.
«Кошт імпартных лекаў, набытых да Новага года, не зменіцца. Медыкаменты, якія ўжо завозяцца да нас пасля 2 студзеня, падаражэюць. Рост кошту імпартных лекаў звязаны з дэвальвацыяй беларускага рубля», - сказалі ў прэс-службе Мінэканомікі.