Улёткі з партрэтамі зніклых апазіцыянераў распаўсюджваліся ў Магілёве (Фота)
- 16.01.2009, 14:55
Актывісты арганізацыі «Маладая Беларусь» нагадалі магілёўцам аб Дні салідарнасці з сем'ямі зніклых беларускіх дзеячаў.
Сёння раніцай па ўсім цэнтры горада яны расклеілі ўлёткі з партрэтамі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зміцера Завадскага, перадае «Еўрарадыё».
Акцыя працягнецца ўвечары. Моладзевыя актывісты плануюць запаліць свечкі. Такім чынам маладыя людзі хочуць нагадаць грамадскасці, што яшчэ не скончанае расследаванне знікненняў лідэраў беларускай апазіцыі і журналіста.
Ініцыятарамі Дзён беларускай салідарнасці тры гады таму сталі лідэр ініцыятывы «Мы памятаем» удава зніклага ў Беларусі бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Ірына Красоўская, вядомая журналістка Ірына Халіп і моладзевы лідэр Мікіта Сасім. Ідэя праводзіць Дні салідарнасці нарадзілася пасля таго, як 16 верасня 2005 года, у гадавіну знікнення віцэ-спікера Вярхоўнага Савета 13 склікання Віктара Ганчара і бізнэсмэна, грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага, міліцыя разагнала акцыю ў памяць зніклых і адабрала ў ейных ўдзельнікаў партрэты зніклых палітыкаў (людзі трымалі ў руках таксама партрэты выкрадзеных у Беларусі экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі і журналіста Зміцера Завадскага) і нацыянальныя сцягі. У той дзень моладзевы лідэр Мікіта Сасім падняў над галавой сваю джынсавую кашулю як знак супраціву дыктатуры.