BE RU EN

Рэканструкцыя цэнтра Менска абрастае скандаламі

  • 20.01.2009, 9:42

Інвестары з дзіравымі кішэнямі сталі гаспадарамі на некаторых аб'ектах, якія ўвайшлі ў Комплексную праграму рэканструкцыі, рэстаўрацыі, узнаўлення і добраўпарадкавання гістарычнага цэнтра Менска.

Напярэдадні новага года калегія Камітэта дзяржкантролю ў чарговы раз аналізавала «ход выканання праграмы».

ЗАТ «Фарт і В» бязвыплатна атрымала ў цэнтры Менска ўчастак зямлі плошчай 1,28 гектара. Між іншым, паводле кадастровой ацэнкі адзін квадратны метр зямлі ў гэтым месцы каштуе 188 тысячаў рублёў. Выканана толькі 8 адсоткаў прынятых на сябе абавязальніцтваў па ўзнаўленні і добраўпарадкаванні аб'ектаў гістарычнага цэнтра беларускай сталіцы, сарваныя тэрміны іх здачы, піша газета «Рэспубліка».

З-за беспрынцыповасці, праяўленай некаторымі чыноўнікамі, два забудоўшчыкі знеслі па вуліцы Рэвалюцыйнай тры будынкі.

Больш за тры гады не прымаліся меры па вяртанні ў камунальную ўласнасць будынка па вуліцы Камсамольскай, 5. Гэты будынак, нягледзячы на рашэнне суду, незаконна ўтрымліваўся камерцыйнай структурай.

Разрэкламаваны ў свой час «Паркінг» на Нямізе не працуе, хоць тэрмін яго ўвядзення скончыўся яшчэ ў снежні 2006 года. ТДА «Паркінг» абавязавалася накіраваць на аб'ект 28 мільярдаў рублёў уласных, пазыковых і прыцягнутых сродкаў. А на справе будоўля павольна рухалася, падсілкоўваючыся сродкамі іншых інвестараў, якія прыцягваліся таварыствам з дадатковай адказнасцю. ТАА «Сулона», займаючыся перапрафілірваннем недабудаванага гасцінічнага комплексу, ухітрылася прыцягнуць сродкі 80 інвестараў. ЗАТ «Мартэкс БЦЗ» будуе аб'ект толькі за грошы інвестараў.

Да ТДА «Паркінг» у Гаспадарчы суд г. Менска накіраваная позва на спагнанне 4,5 мільярда рублёў, да ЗАТ «Мартэкс БЦЗ» - 674 мільёнаў, яшчэ адной камерцыйнай структуры - на 200 мільёнаў рублёў.

З-за шматлікіх зрываў тэрмінаў увядзення ў эксплуатацыю аб'ектаў гістарычнага цэнтра, забудову якіх ажыццяўляюць камерцыйныя структуры і камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Менская спадчына», праграма не выконваецца. Заказчыкамі, забудоўшчыкамі і праектнымі арганізацыямі неабгрунтавана зацягвалася распрацоўка праектаў і выкананне будаўнічых працаў. З прычыны гэтага праектаванне і ўзвядзенне невялікіх па памерах адміністрацыйна-гандлёвых будынкаў доўжыцца ў сярэднім 5-7 гадоў.

Так, на два гады пазней за вызначаны тэрмін распрацаваныя і зацверджаныя архітэктурна-планіровачныя рашэнні па перспектыўным выкарыстанні тэрыторыі Менскага замчышча, фармаванні зоны адпачынку па праспекце Пераможцаў уздоўж ракі Свіслач, рэканструкцыі будынка УП «Белпрампраект», размешчанага на плошчы Свабоды,17, рэканструкцыі комплексу будынкаў хлебазавода № 1 па вуліцы Ракаўскай.

Прыватныя забудоўшчыкі сарвалі тэрміны ўвядзення ў эксплуатацыю дзевяці аб'ектаў. Калегія КДК прыйшла да высновы, што шмат у чым прычынай гэтага стала адсутнасць кантролю з боку КУП «Менская спадчына» за рэалізацыяй гэтымі камерцыйнымі структурамі інвестыцыйных праектаў. Зрывы тэрмінаў увядзення аб'ектаў дапускаюць не толькі прыватныя фірмы, але і камунальнае прадпрыемства «Менская спадчына». Рэканструкцыя трох аб'ектаў па вуліцы Герцэна, а таксама сутарэннага памяшкання ў будынку на плошчы Свабоды, 2 доўжылася ў два і больш разоў даўжэй за прадугледжаныя тэрміны. Утрая даўжэй за нарматыў вядзецца рэканструкцыя будынка па вуліцы Камсамольскай, 15.

Адной з прычынаў зрываў тэрмінаў будаўніцтва з'яўляецца непаслядоўнасць рашэнняў у вызначэнні функцыянальнага прызначэння рэстаўраваных аб'ектаў. Відавочны гэтаму прыклад - праектаванне па сутарэнным памяшканні будынка на плошчы Свабоды, 2. Яно вялося з 2001-га па 2007 год (!). Спачатку там планавалася размясціць музей прыроды і экалогіі, затым бар, кавярню. Апошні праект быў распрацаваны для будаўніцтва рэстарана.

Усяго на ўзнаўленне гістарычнага цэнтра беларускай сталіцы за два з невялікім гады КУП «Менская спадчына» вылучаныя 38,3 мільярда рублёў з мясцовага бюджэту. Пры гэтым, як выявілі дзяржаўныя кантралёры, з парушэннем заканадаўства прадпрыемства выдаткавала 599,2 мільёна рублёў. Так, адной з фірмаў яно пералічыла 51,2 мільёна за нібыта ўсталяваны 51 аконны блок. Міжтым блокі да таго часу не былі нават вырабленыя. Яшчэ тры падрадчыка, скарыстаўшыся памылкамі праектыроўшчыкаў (быў завышаны праектны кошт асобных працаў), незаконна атрымалі 360,7 мільёна рублёў.

Апошнія навіны