Праўладавы СПБ распрадае нерухомасць, набытую на грошы польскага ўрада
- 20.01.2009, 14:39
Кіраўніцтва праўладавага Саюза палякаў Беларусі на чале з Юзэфам Лучнікам хуткім часам мае намер пазбавіцца ад нерухомасці, якая прыналежыць грамадскай арганізацыі.
Прычына – недахоп сродкаў, паведамляе «Радыё Рация».
Савет Наваградскай раённай арганізацыі павінен прыняць рашэнне аб продажы Польскага дома, які знаходзіцца ў райцэнтры. Пасля таго, як рашэнне пацвердзіць цэнтральны савет, будынак будзе выстаўлены на аўкцыён. Аб гэтым паведаміў сам Юзэф Лучнік.
Лучнік не выключае, што Польскі дом ў Наваградку - не адзіны будынак, які прыйдзецца прадаць. Істотны недахоп сродкаў і вялікая запазычанасць перад дзяржавай вымушаюць кіраўніцтва афіцыйнага Саюза палякаў шукаць грошы. А на дапамогу Польшчы праўладаваму саюзу разлічваць не прыходзіцца.