BE RU EN

Мінэканомікі Беларусі не задавольвае кошт на ўкраінскую электраэнергію

  • 21.01.2009, 16:57

Імпарт электраэнергіі з Украіны можа быць адноўлены толькі на ўмовах, якія будуць задавальняць беларускі бок. Аб гэтым заявіў першы намміністра энергетыкі Беларусі Эдуард Таўпянец.

Беларусь вядзе перамовы з Украінай па выпрацоўцы ўзаемавыгодных умоўваў пастаўкі ўкраінскай электраэнергіі, паведаміў Эдуард Таўпянец. Аднак, па ягоных словах, «падпісанага кантракту ў нас пакуль няма».

Першы намміністра энергетыкі растлумачыў, што купляць электраэнергію з аптовага рынка Ўкраіны для Беларусі невыгодна, перадае «Тэлеграф» са спасылкай на БелТА.

«Існуючы кошт на аптовым рынку нас не задавальняе», - падкрэсліў Эдуард Таўпянец.

Па ягоных словах, «украінскі бок кажа аб тым, што яму спатрэбіцца прыняцце ўнутранага нарматыўна-прававога дакумента, які дазволіў бы пастаўляць электраэнергію па кошце ніжэй за аптовы рынак». Таму «мы шукаем кампрамісы», сказаў першы намміністра.

Эдуард Таўпянец адзначыў, што імпарт электраэнергіі з Украіны можа быць адноўлены толькі на ўмовах, якія будуць задавальняць беларускі бок. «Цяпер будуць стварацца працоўныя групы, якія будуць гэтыя пытанні адпрацоўваць», - дадаў ён.

Аб намеры Беларусі аднавіць закупы ўкраінскай электраэнергіі заявіў Аляксандр Лукашэнка 20 студзеня ў Чарнігаве на перамовах з прэзідэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, для гэтага ў Беларусі «ёсць усе тэхнічныя магчымасці».

Нагадаем, што ў 2005 годзе былі тэхнічна адноўленыя і падрыхтаваныя для паставак украінскай электраэнергіі ў Беларусь міждзяржаўныя лініі электраперадачы напругай 330 кв «Чарнігаў-Гомель» і «ЧАЭС-Мазыр», якія доўгі час да гэтага не эксплуатаваліся. У 2006 годзе Беларусь імпартавала 2,5 млрд.квт/г электраэнергіі з Украіны, у першым паўгоддзі 2007 года - каля 800 млн. квт/г.

Аднак, пачынаючы з другога паўгоддзя 2007 года, Беларусь не ажыццяўляе імпарт украінскай электраэнергіі, бо бакі не дамовіліся па кошце.

Апошнія навіны