BE RU EN

Кіраўнік БДІПЧ АБСЕ едзе ў Менск

  • 21.01.2009, 17:02

Дырэктар Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека амбасадар Янэз Лянарчыч 22 студзеня наведае Менск для абмеркавання рэкамендацый, якія заклікаюць палепшыць выбарчую сістэму ў Беларусі.

«Падчас свайго двухдзённага візіту Лянарчыч сустрэнецца з міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым, кіраўніком адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Ўладзімірам Макеем, старшынёй Цэнтравыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай, а таксама з прадстаўнікамі палітычных партый і грамадзянскай супольнасці», - удакладнілі «Інтэрфаксу» у Менскім офісе АБСЕ.

«Я.Лянарчыч абгаворыць наступныя крокі па рэкамендацыях, якія змяшчаюцца ў выніковай справаздачы БДІПЧ аб парламенцкіх выбарах у Беларусі ў мінулым годзе», - адзначылі ў офісе.

Нагадаем, у выніковым дакладзе БДІПЧ вядзецца, што, нягледзячы на «некаторыя паляпшэнні», «выбары» у Беларусі не адпавядалі стандартам АБСЕ. У прыватнасці, выбарчае заканадаўства не дае магчымасці для «сапраўднай палітычнай канкурэнцыі і роўных адносінаў да кандыдатаў з боку ўлад» і «перашкаджае правядзенню выбараў» у адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамі.

Эксперты адзначаюць, што Выбарчы кодэкс Беларусі «не забяспечвае празрыстага механізму захаванасці ўрн з бюлетэнямі пасля пачатку датэрміновага галасавання, а таксама механізму абароны самога бюлетэня». Большасці апазіцыйных кандыдатаў было адмоўлена ў рэгістрацыі «з-за малаважных парушэнняў фармальных патрабаванняў», падкрэсліваецца ў дакладзе. Па меркаванні экспертаў місіі, усё гэта «стварае магчымасці для фальсіфікацый».

Апошнія навіны