Гаворыш па-беларуску? На працу не ўладкуешся
- 22.01.2009, 12:11
Сябра Рады «Моладзі БНФ» Вольгу Усьціновіч у кадравым агенцтве прасілі выкрэсьліць з анкеты пункт пра тое, што яна добра валодае беларускай моваю.
«Трапіла я ў дастаткова тыповую, у сувязі з апошнімі падзеямі, сытуацыю. Крызіс, скарачэньне і, у выніку засталася без працы. Прыемнага мала, але была упэўненасьць, што хутка і лёгка знайду новую. Здавалася б, усё неабходнае для гэтага ёсьць: дыплём аднаго з самых прэстыжных вну краіны, замежная мова, розныя курсы і некаторы досьвед. Вось толькі адно я не ўлічыла. У сваім рэзюмэ я пазначыла: «Свабодна валодаю беларускай мовай», - распавядае актывістка.
«Трапілася мне на вочы аб’ява аднаго зь лепшых у Менску агенстваў па падборы пэрсаналу. Падыходжу па усіх парамэтрах, адпраўляю рэзюмэ. Празь некалькі дзён мяне запрашае на сумоўе мэнэджэр Сьвятлана, вельмі мілая дзяўчына, без сумневу прафэсіянал. Усё праходзіць стандартна: анкета, размова, пытаньні, адказы… Даходзім да пункту з маёй беларускай мовай (на сумоўі я размаўляла па-расейску). Сьвятлана зьдзіўляецца, яна не разумее, навошта я гэта пазначыла, і прапаноўвае выкрэсьліць гэты пункт.
Усё тлумачыцца вельмі проста. Мае веды і тое, што я умею, па вялікім рахунку, зьяўляюцца таварам, а добра прадаецца толькі той тавар, які карыстаецца попытам. А мая беларуская мова нікому не патрэбная, яна толькі выклікае лішнія пытаньні.
Далей становіцца больш цікава. Высьвятляецца, што рэзюмэ, напісаныя на беларускай мове, часьцей за ўсё увогуле не чытаюцца - а навошта?» – задаецца пытаньнем Вольга Усьціновіч.
Выкрэсьліць пункт пра беларускую мову моладзевая актывістка не пагадзілася.