Былы дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў застаецца ў турме
- 23.01.2009, 10:43
Генпракуратура пакінула без задавальнення скаргу, якую ў канцы мінулага года адправіў генпракурору Рыгору Васілевічу былы гендырэктар Менскага трактарнага заводу Міхаіл Лявонаў.
У чарговы раз яму адмоўлена ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні з калоніі.
«Па прысудзе Вярхоўнага суду ад 23.12.2003 Лявонаў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, з пазбаўленнем права займаць ва ўстановах, арганізацыях і на прадпрыемствах пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў, з адбываннем пакарання ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, -- заявілі «Беларускаму партызану» у генпракуратуры. -- Лявонаў прызнаны вінаватым у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненым у асабліва буйным памеры; атрыманні хабару ў буйным памеры; арганізацыі легалізавання матэрыяльных каштоўнасцяў, набытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры; ухіленні ад выплаты падаткаў, якое пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры. Прысуд уступіў у законную сілу з моманту яго абвяшчэння судом. Вінаватасць Лявонава даказаная і пацвярджаецца сукупнасцю даследаваных судом доказаў».
Міхаіл Лявонаў сваёй віны не прызнае. Ён лічыць сябе «ахвярай карупцыі» і «рэпрэсаваным». «Усё абвінавачванне высмактанае з пальца і пашытае гнілымі ніткамі паклёпу, хамствы, злосці і адкрытага невуцтва дзеля помсты мне за маю непахіснасць і адказную грамадзянскую пазіцыю па ўсіх пытаннях жыццядзейнасці нашага грамадства», -- напісаў Лявонаў у сваім лісце Васілевічу.
Блізкія да Міхаіла Лявонаву людзі кажуць, што ён не выключае магчымасці звароту са сваёй справай у міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
Нагадаем, што Лявонаву з улікам усіх амністыяў засталося правесці за кратамі фактычна год. Калі да яго будзе ўжытая амністыя цяперашняга года, дык, не выключана, што ён выйдзе на волю ўжо сёлета.