BE RU EN

Расея адмовіла Лукашэнку ў новым крэдыце на 100 мільярдаў рублёў

  • 24.01.2009, 15:33

Расейскія ўлады адхілілі просьбу афіцыйнага Менску аб даванні новага крэдыту.

Беларускі бок заяўляў, што крэдыт будзе выдадзены ў абмен на пераход Беларусі на разлікі ў рублях ва ўзаемным гандлі.

"У іх былі ў лістах лічбы - 100 мільярдаў рублёў (3 мільярды даляраў ЗША), мы гэта нават не разглядаем", - заявіў "Інтэрфаксу" намеснік міністра фінансаў РФ Дзмітры Панкін.

Раней Расея пагадзілася вылучыць Беларусі крэдыт у памеры двух мільярдаў даляраў. Першы транш у памеры аднаго мільярда быў пералічаны ў лістападзе 2008 года.

Панкін паведаміў, што другая частка крэдыту будзе перададзеная пасля падпісання плану сумесных дзеянняў двух краінаў па пераадоленні наступстваў сусветнага фінансавага крызісу. Паводле словаў намесніка міністра фінансаў РФ, гэты план пакуль абмяркоўваецца.

У снежні газета "Коммерсант" паведаміла, што рашэнне аб даванні Беларусі крэдыту ў 100 мільярдаў рублёў будзе залежаць ад таго, ці прызнае афіцыйны Менск незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Другая ўмова - перадача "Газпраму" кантрольнага пакета акцыяў ААТ "Белтрансгаз". Паводле звестак газеты, у выпадку выканання гэтых умоваў Беларусь магла б не толькі атрымаць крэдыт, але і захаваць ільготны кошт на расейскі газ.

Паводле апошняй інфармацыі, беларускі «парламент» мае намер разгледзець пытанне аб прызнанні Абхазіі і Паўднёвай Асеціі на паседжанні, якое адбудзецца 2 красавіка.

Апошнія навіны