Стоп АЭС!
- 26.01.2009, 11:52
Шэраг акцыяў супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі правялі ў Маладэчне актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».
Маладыя апазіцыянеры вывесілі тры транспаранты са словамі «Стоп АЭС» у розных частках горада: на масту непадалёк ад чыгуначнага вакзалу, на цэнтральнай плошчы і каля ўваходу ў парк.
Нагадаем, што сёлета ў Беларусі распачынаецца будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Пляцоўка для будаўніцтва беларускай АЭС знаходзіцца ў паўночнай частцы Астравецкага раёна Беларусі. Паўночны захад Беларусі — край найпрыгажэйшых азёраў, размешчаных сярод маляўнічых ўзгоркаў. Месца багатае на запаведнікі і заказнікі. Непадалёк размешчаны нацыянальны парк Нарачанскі — самае папулярнае месца адпачынку ў Беларусі.