BE RU EN

Беларуская дыктатура не мае намеру выконваць патрабаванні Еўразвяза

  • 27.01.2009, 16:53

Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў па выніках сустрэчы з «тройкай» Еўразвяза ў Брусэлі сказаў, што ўдзел краін у праграме Ўсходняга партнёрства не павінен быць абумоўлены ніякімі ўмовамі.

«Праграма Ўсходняга партнёрства павінная ўключаць у сябе краіны па азначэнні. Калі яна не будзе такой, то страціць усялякі сэнс», -- заявіў беларускі міністр.

Раней пры апублікаванні праграмы Ўсходняга партнёрства для Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Казахстана, Беларусі і Ўкраіны Еўракамісія заявіла, што для паўнавартаснага ўдзелу ў праграме Беларусі неабходнае выкананне апошняй шэрагу ўмоваў па дэмакратызацыі грамадства і лібералізацыі эканомікі.

«Я акцэнтаваў увагу на нашым станоўчым стаўленні да канцэпцыі Ўсходняга партнёрства, нашай станоўчай адзнацы дакумента як такога і нашых чаканнях, што, калі гэтая ініцыятыва атрымае канчатковую форму, яна будзе ўтрымліваць неабходныя ўмовы для роўнага шматбаковага супрацоўніцтва краін», -- падкрэсліў Мартынаў.

Па ягоных словах, на паседжанні «тройкі» таксама абмяркоўвалася эканамічнае і энергетычнае супрацоўніцтва.

Нагадаем, што цяперашняя формула Ўсходняга партнёрства — «27+5(6)». Паўнавартасны ўдзел Беларусі пакуль пад пытаннем. Рашэнне па Беларусі будзе прымацца ўвесну ў залежнасці ад дэмакратычнага прагрэсу краіны.

У інтэрв'ю «Радыё Свабода» камісар Еўразвяза па пытаннях знешніх адносінаў і еўрапейскай палітыцы суседства Беніта Ферэра-Вальднер заявіла, што Беларусь не зможа далучыцца да Ўсходняга партнёрства без дэмакратычных рэформ.

«Усходняе партнёрства з'яўляецца нашай прапановай шасці краінам з усходу. Беларусь яшчэ сюды не ўваходзіць, бо на самой справе існуе шмат асцярог з нагоды ейнай дэмакратычнасці», -- сказала еўракамісар.

На днях часовы павераны ў справах Еўракамісіі ў Беларусі Жан-Эрык Хольцапфель заявіў у інтэрв’ю «Комсомольской правде в Беларуси», што патрабаванні Еўразвяза па дэмакратызацыі Беларусі па-ранейшаму застаюцца ў сіле.

12 патрабаванняў ЕЗ былі прынятыя ў лістападзе 2006 года. Але 13 кастрычніка 2008 года Савет міністраў замежных спраў краін ЕЗ на падставе высноваў аб развіцці сітуацыі ў Беларусі прыняў рашэнне аб зняцці на паўгады візавых абмежаванняў для беларускіх чыноўнікаў, аб аднаўленні палітычных кантактаў з афіцыйным Менскам і адкрыцці новых магчымасцяў для супрацоўніцтва. З 12 патрабаванняў былі абраныя пяць ключавых, асноўных пасланняў. Гэта пытанні палітвязняў, пытанні свабодных і дэмакратычных выбараў і выбарчага заканадаўства, мас-медыя і два пункты аб існаванні і працы недзяржаўных арганізацый, свабодзе асацыяцый, свабодзе сходаў.

Апошнія навіны