Шэйман як сімвал «лібералізацыі»
- Ян Буян, «Салідарнасць»
- 28.01.2009, 10:40
На гэтым тыдні высвятлілася, што адстаўлены з пасады дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Віктар Шэйман спакойна працуе сабе памочнікам Лукашэнкі па спецыяльных даручэннях.
Прычым даўно. Гэты эпізод вельмі характэрны для цяперашняй улады і дазваляе зрабіць пэўныя высновы адносна перспектыў прадэклараванай лібералізацыі.
Летась звальненні Шэймана і Паўлічэнкі шматлікім падаліся добрым знакам: з улады сыходзяць тыя, з чыімі імёнамі звязваюцца расправы з апазіцыйнымі лідэрамі – Юрыем Захаранкай і Віктарам Ганчаром. На гэтай падставе рабілася выснова, што Аляксандр Лукашэнка пазбаўляецца ад людзей, прысутнасць якіх можа перашкодзіць збліжэнню з Захадам.
Пасля высвятлілася, што Паўлічэнка хоць і перастаў быць камандзірам СОБРа, але не адпраўлены ў адстаўку, а атрымаў новую пасаду (фармальна пайшоў на падвышэнне). А зараз стала зразумелай і сітуацыя з Шэйманам.
Прызначэнне былога дзяржсакратара прэзідэнцкім памочнікам можна лёгка растлумачыць чыста практычнымі меркаваннямі. На Шэймане завязана «планаў грамаддзё» з Венесуэлай плюс шэраг далікатных «спецпраектаў» з іншымі краінамі трэцяга свету. Перадаць іх іншаму чалавеку значна больш складана, чым крэсла кіраўніка Саўбеза. Вось і знайшлі Шэйману статусную пасаду, якая дазваляе і ў наступным працаваць з сябрам Уга і «групай таварышаў».
Тым не менш, прысутнасць Шэймана ва ўладных структурах на любой пасадзе – рэч знакавая. Падзеі апошніх месяцаў – наладжванне адносінаў з Захадам, паслабленне кантрольных функцый дзяржавы ў эканоміцы, першыя парасткі дыялогу са структурамі грамадзянскай супольнасці – нібыта сігналізавалі: улада зразумела, што так далей жыць нельга, і паступова эвалюцыянуе.
Аднак падобнае ўяўленне сталася занадта аптымістычным. Сапраўды, пад ціскам акалічнасцяў Аляксандр Лукашэнка вымушаны быў заняцца абнаўленнем фасада сваёй «унікальнай мадэлі дзяржаўнага ладу». Але сутнасць яе застаецца нязменнай, і бронецягнік стаіць на запасным шляху.
Па сутнасці, Шэйман з'яўляецца сімвалам цяперашняй лібералізацыі, ейнай абмежаванасці па часе і глыбіні. Улада не змяніла сваіх праграмных усталёвак, яна толькі адкарэктавала тактыку. А гэта значыць, што цяперашняя адліга ў будучыні практычна непазбежна зменіцца чарговымі «замаразкамі». Колькі ваўка крэдытамі не кармі, ён будзе ўсё роўна глядзець у лес.