Імпарцёрам забаранілі купляць валюту на біржы?
- 28.01.2009, 11:18
З 1 лютага на Беларускай валютна-фондавай біржы можа быць уведзеная забарона на набыццё замежнай валюты пад імпартныя кантракты.
Нацыянальны Банк Беларусі нібыта ўжо давёў да банкаў вусную абавязковую да выканання рэкамендацыю.
Як паведаміў АФН прадстаўнік аднаго з банкаў, беларускім банкам прапанавана задавальняць заяўкі кліентаў праз набыццё валюты на міжбанкаўскім рынку.
«З 1 лютага БВФБ ператворыцца ў пляцоўку, на якой будзе ажыццяўляцца толькі абавязковы 30% продаж валюты», - сказаў ён.
Забарончая рэкамендацыя Нацбанка істотна адаб'ецца на працы імпарцёраў, калі і зусім не пакладзе «на лапаткі» многія прадпрыемствы, якія сутыкнуцца са значнымі цяжкасцямі пры набыцці валюты пад імпартныя кантракты – сёння на ўнутраным міжбанкаўскім рынку валюту знайсці не так ужо проста.
Але, падобна, гэтая праблема сёння не асабліва турбуе ўлады на фоне рэзкага скарачэння золатавалютных рэзерваў Беларусі. Як нядаўна паведаміў намеснік старшыні Нацбанка, толькі за першыя 20 дзён студзеня ЗВР скараціліся на 900 млн. даляраў.
Суразмоўца сказаў, што асобныя заяўкі на набыццё валюты ўсё ж будуць задавальняцца, аднак адзначыў, што гэта будзе рэдкім выключэннем. Паводле яго словаў, банкам прапанавана шукаць валюту і за мяжой, у тым ліку і ў сваіх замежных заснавальнікаў.
Разам з тым, гэтая забарона на набыццё валюты не закране так званыя горадаўтваральныя і стратэгічныя прадпрыемствы, якія, паводле словаў суразмоўцы, маюць магчымасць купляць валюту напрост ў Нацбанка, абыходзячы біржу. Пры гэтым прадстаўнік банка не выключыў, што курс продажу валюты пры такіх «закрытых» пагадненнях можа быць ніжэй за афіцыйны курс Нацбанка.
Фактычна, праз месяц пасля 20% дэвальвацыі валюты Нацбанк вырашыў уздзейнічаць на краіну чарговым, хай не гэтакім значным шокам. Гаворка ідзе не толькі пра магчымае рэзкае скарачэнне плыні імпартных тавараў у краіну. Адной забаронай на набыццё валюты на біржы імпарт не спыніш. Імпарцёры разам з банкамі будуць шукаць магчымасць набыцця валюты на міжбанку. Але, відавочна, што Нацбанк сутыкнецца з самай ненавіснай для яго праблемай – множнасцю курсаў.
«Да прыкладу, сёння ў мяне ёсць валюта, і я гатовы прадаваць яе па курсе Нацбанка – 2703 беларускіх рублі за даляр. Заўтра ў мяне валюта скончыцца, і я натуральна скажу кліенту: валюту я знайду, але курс будзе 2800 рублёў», - патлумачыў прадстаўнік аднаго з менскіх банкаў.
На думку экспертаў, множнасць курсаў паставіць беларускія ўлады ў вельмі няёмкае становішча перад Міжнародным валютным фондам, які негатыўна ставіцца да існавання на рынку адной асобна ўзятай краіны «чорных», інвестыцыйных, спецыяльных курсаў.
Відавочна, што і рэкамендацыйная забарона наўрадці будзе аформленая пісьмова. Бо наяўнасць падобнага дакумента можна разглядаць як нейкую абмежавальную меру, што ў сваю чаргу з'яўляецца парушэннем 8-ага артыкула статуту МВФ. У гэтым выпадку другі транш крэдыту МВФ улады ўбачаць вельмі няхутка.
Відавочна, што Нацбанк падобнымі рэкамендацыямі спрабуе прымусіць банкі прадаваць уласную валюту кліентам. Нацбанк ведае, што валюта ў банкаў ёсць – летась, калі ў паветры толькі крыху запахла крызісам, большасць банкаў сышлі ў працяглыя валютныя пазіцыі (перавялі актывы з рублёў у валюту). І гэтую валюту Нацбанк і спрабуе атрымаць.
Нельга выключаць, што банкам таксама будзе рэкамендавана праводзіць больш агрэсіўную палітыку па прыцягненні валютных укладаў – пасля дэвальвацыі многія грамадзяне, на ўласнай скуры адчуўшы, чым сканчаецца непахісная вера ў абяцаную ўладамі стабільнасць, вывялі свае рублёвыя ўклады з банкаў, набылі валюту і паклалі ў панчоху.
Стаўкі па дэпазітах у валюце могуць падскочыць. Аплачваць гэтыя шальныя адсоткі будуць імпарцёры, якія адпаведна закладуць «форсмажорныя» выдаткі ў кошт тавараў, а ў выніку ўся нагрузка ляжа на спажыўца ў выглядзе чарговага ўзлёту коштаў. Большасць укладчыкаў будуць узрадаваныя падвышэнню ставак па валютных укладах, не падазраючы, што адсоткі па гэтых укладах яны аплачваюць з уласнай кішэні.
Суразмоўца не сказаў, як доўга працягнецца чарговая часовая мера Нацбанка. Але, улічваючы, што ў найбліжэйшай перспектыве якіх-небудзь значных інвестыцыяў у краіну не прадбачыцца (другі транш расейскага крэдыту і плацёж за акцыі «Белтрансгаза» не ў лік – гэтыя будучыя паступленні ўжо праядаюцца ў студзені), нічога добрага народа і бізнэсу не свеціць.
Ёсць і яшчэ адзін аспект. Падобныя, хай і ў некаторай ступені вымушаныя крокі з боку Нацбанка ставяць пад вялікі сумнеў усю адэкватнасць палітыкі на ўтрыманне курсу беларускага рубля паводле зацверджаных прагнозных паказчыкаў, якая праводзілася ў канцы мінулага года. Бо бачнасць стабільнасці абыйшлася краіне ў ашаламляльную суму.
Акрамя таго, рэкамендацыйная забарона на набыццё валюты пераканаўча пацвярджае той факт, што 20% дэвальвацыя пры адсутнасці кардынальных і жорсткіх ліберальных рэформаў у эканоміцы не прынесла нейкіх бачных вынікаў, стаўшыся халастым і бескарысным стрэлам.
У гэтай сувязі можна выказаць здагадку, што «лютаўская» забарона стане не апошняй абмежавальнай мерай ва ўжо агляднай будучыні. Можна маляваць розныя змрочныя сцэнары, сярод якіх чарговая аднамомантавая дэвальвацыя рубля падасца дзіцячай забавай. У арсенале Нацбанка ёсць спецсродкі і/ці спецметады куды больш магутныя.
Нацбанк пакуль ніяк не каментуе абмежаванне, якое ўводзіцца з 1 лютага.