Навумаў гатовы распавесці пра выбух ў Менску, але толькі «па сакрэце»
- 29.01.2009, 12:14
Кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў Уладзімір Навумаў заявіў, што распавядзе аб расследаванні справы аб выбуху ў Менску.
29 студзеня міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў сказаў прадстаўнікам СМІ, што гатовы распавесці некаторым журналістам пра ход расследавання крымінальнай справы аб выбуху ў Менску 4 ліпеня 2008 года пры адной умове.
Па словах Наумова, ён гатовы сустрэцца з «адным-двума» прадстаўнікамі СМІ і «даць справаздачу аб праведзенай працы». «Але мая ўмова — гэта пакуль не павінна агалошвацца», — сказаў міністр.
Нагадаем, што 20 студзеня начальнік ГУУС Менгарвыканкама Леанід Фармагей прызнаўся, што следства мае толькі сацыяльна-псіхалагічны партрэт злачынцы, які узарваў 4 ліпеня 2008 года ў Менску бомбу.
І гэта пасля таго, як амаль у паловы насельніцтва краіны былі ўзятыя адбіткі пальцаў! Пасля выбуху ў Менску дактыласкапію ўжо прайшлі дзясяткі, калі не сотні тысячаў грамадзянаў – працоўных прадпрыемстваў, супрацоўнікаў фірмаў і інстытутаў, студэнтаў і нават школьнікаў – пераможцаў алімпіядаў па хіміі…
Выбух самаробнай прылады, начыненай балтамі і гайкамі, адбыўся на скрыжаванні праспектаў Машэрава і Пераможцаў у ноч на 4 ліпеня (каля 00.30) падчас канцэрту з нагоды афіцыйнага Дня незалежнасці. На канцэрце, паводле афіцыйных дадзеных, прысутнічала каля паўмільёны чалавек. За медыцынскай дапамогай, паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, звярнуліся 54 чалавекі; 47 з іх, у тым ліку двое дзяцей, былі шпіталізаваныя.