Заява прэзідыўма Палітрады АДС у сувязі cа стварэннем кансультатыўнага савета пры адміністрацыі Лукашэнкі
- 29.01.2009, 15:07
У апошні час у асобных як незалежных, так і дзяржаўных СМІ з'явілася інфармацыя аб пашырэнні кантактаў улады з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазіцыі.
У прыватнасці, аб уключэнні прадстаўнікоў шэрагу палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, што ўваходзяць у АДС, у Грамадска-кансультатыўны савет пры Адміністрацыі прэзідэнта, які ўзначаліў кіраўнік Адміністрацыі Ўладзімір Макей. У сувязі з гэтым Прэзідыўм Палітрады АДС лічыць неабходным заявіць:
- ніякіх афіцыйных прапановаў аб накіраванні сваіх прадстаўнікоў у вышэйназваны Савет суб'екты АДС не атрымлівалі;
- статут, паўнамоцтвы і склад пазначанай структуры застаюцца незразумелымі;
- адзнаку дадзенаму органу можна будзе даць толькі зыходзячы з пэўнага выніку ягонай дзейнасці па дэмакратызацыі ўсіх сфер грамадска-палітычнага жыцця.
Прэзідыўм таксама заяўляе, што дэмакратычныя сілы гатовыя да адкрытага транспарэнтнага дыялогу з уладамі па актуальных праблемах, якія хвалююць беларускае грамадства, што адлюстравана ў стратэгіі дзейнасці АДС, прынятай на апошнім Кангрэсе прыхільнікаў дэмакратычных змен у 2007 годзе.