BE RU EN

Што кажуць зоркі?

  • 29.01.2009, 15:25

Не спадзяючыся больш на паслугі навукоўцаў, Аляксандр Лукашэнка звярнуўся за дапамогай да футуролагаў.

У грамадска-кансультатыўны савет пры адміністрацыі Лукашэнкі, што ўзначальваецца кіраўніком адміністрацыі Ўладзімірам Макеем, запрошаныя эксперты і футуролагі.

У інтэрв'ю «Нямецкай хвалі», яны выказваюць розныя меркаванні з нагоды эфектыўнасці працы новай структуры.

Крок да згуртавання грамадства

Старшыня Беларускага славянскага камітэта Сяргей Касцян упэўнены, што стварэнне такога савета з удзелам розных палітычных і грамадскіх суб'ектаў з'яўляецца крокам па лібералізацыі беларускага грамадства, здольным не раз'яднаць, а з'яднаць гэтае самае грамадства.

Па меркаванні Сяргея Касцяна, гэты крок дасць магчымасць прэзідэнту мабілізаваць ідэі, якія будуць прапанаваныя, каб узяць з іх усё лепшае.

"Такім чынам, праз адзінства грамадства можна рухаць нашу эканоміку наперад, выходзіць на міжнародныя рынкі адзінай згуртаванай сілай, бо сёння барацьба і супрацьпастаўленне ідэй можа толькі перашкодзіць выйсцю з эканамічнага крызісу, - лічыць Сяргей Касцян.

"Тым больш, што краіна знаходзіцца яшчэ не ў такім глыбокім крызісе", - лічыць палітык.

Усё залежыць ад задач

Па меркаванні палітолага Ўладзіміра Мацкевіча, важны сам сімптом запрашэння апазіцыі да ўдзелу ў працы савета, але ўсё будзе залежыць ад удзельнікаў і сур'ёзнасці пастаноўкі праблемы. Эксперт не выключае, што можа быць проста сімуляцыя працы такога савета, звязанага з крызісам, тады як праблемы краіны далёка не зводзяцца толькі да эканамічных.

"Цяжка сказаць, наколькі такі савет з шырокім колам задач, якія павінныя быць перад ім пастаўленыя, зможа спрацаваць нармальна", - падкрэсліў Уладзімір Мацкевіч.

Палітолаг не выключае, што з часам такі савет можа ператварыцца ў бутафорыю, аднак, пакуль, па ягоным меркаванні, стварэнне такой структуры можна толькі прывітаць.

Эрзац парламента?

Футуролаг Аляксандр Патупа лічыць, што ўлада з дапамогай такога механізму можа зрабіць рэальны крок на шляхі падвышэння палітычнага рэйтынгу краіны. "Савет можа быць кантрольнай інстанцыяй, якая будзе разглядаць некаторыя прынцыповыя праекты нарматыўна-прававых актаў, даваць заключэнні па гэтай падставе і самастойна прапаноўваць нейкія праекты", - кажа эксперт.

Па словах Аляксандра Патупы, яшчэ рана казаць аб магчымых поспехах або няўдачах новай структуры. Але, лічыць эксперт, "калі будзе запушчаная іншая схема, то яна можа мець негатыўныя наступствы: альбо апазіцыйныя сілы пералаюцца паміж сабой і з дзяржавай, альбо чыноўнікі паміж сабой пералаюцца, пачнецца плынь бескарысных крыўд, і ад гэтай справы можа быць толькі горш".

Футуролаг сцвярджае: "Калі грамадска-кансультатыўны савет зможа ўзяць на сябе тыя функцыі, якія згубіў парламент, які цалкам не кантраляваў дзеянні прэзідэнцкай улады, гэта было бы гіганцкім стратэгічным крокам Беларусі на шляху магчымай лібералізацыі і дэмакратызацыі".

Апошнія навіны