Правабаронцы скардзяцца ў ААН: гвалтоўны прызыў у армію - незаконнае пазбаўленьне волі
- 29.01.2009, 16:55
Беларускі Хэльсынскі Камітэт рыхтуе скаргу ў пракуратуру і спэцдакладчыку ААН з нагоды незаконнага прызыву ў войска Франка Вячоркі і перасьледу іншых моладзевых актывістаў з выкарыстаньнем ваенкаматаў.
Прэс-сакратар Партыі БНФ Кацярына Маркоўская, якая зараз знаходзіцца ў Швэцыі, сьцьвярджае, што тэма незаконнага прызыву беларускіх апазыцыянэраў сталася адной з сама актуальных падчас ейных сустрэч. Як яна зазначыла пасьля перамоваў у швэдзкім МЗС, адчуваецца вялікая цікавасьць швэдзкага боку да падзеяў у Беларусі, перадае «Радыё Свабода».
«Вельмі вялікая зацікаўленасьць наконт гэтага, бо Франка добра ўсе ведаюць, і бацьку ягонага. І ў Швэцыі як раз найбольш. Тут вельмі заклапочаныя гэтай вынаходкай нашага рэжыму — новым мэтадам ціску на актывістаў, прычым такім ганебным чынам, як было зроблена з Франкам, з парушэньнем усіх судовых працэдур», - кажа прэс-сакратар Партыі БНФ.
Кацярына Маркоўская зьбіраецца расказаць пра выпадкі з Франкам Вячоркам, Іванам Шылам і іншымі ў інтэрв’ю шэрагу швэдзкіх СМІ.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» таксама спадзяецца на міжнародную салідарнасьць у сувязі з гэтымі выпадкамі. Ён ужо паінфармаваў пра іх сваіх замежных партнэраў.
«Мы падключылі ўсе магчымыя свае кантакты, партнэраў за мяжой, далі ім інфармацыю. У выніку зьявілася некалькі міжнародных заяваў. Гэтая праблема выйшла за межы Беларусі», - кажа праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Алесь Бяляцкі мяркуе, што дамагчыся аднаўленьня правоў Вячоркі і Шылы будзе нялёгка.
«Калі ёсьць пастанова мэдычнай прызыўной камісіі, што яны прыдатныя, то пасьля гэтага штосьці зрабіць цяжка. Можа быць толькі палітычнае рашэньне, прычым, як наша практыка паказвае, у нас яго толькі адзін чалавек прымае. Адкруціць назад гэты мэханізм можа толькі галоўнакамандуючы», - сьцявярджае праваабаронца.
Кіраўніцтва Беларускага Хэльсынскага Камітэту рыхтуе скаргі з гэтай нагоды ў пракуратуру і спэцдакладчыку ААН у справе адвольных затрыманьняў, кажа старшыня БХК Алег Гулак.
«Тое, што адбываецца зараз, варта кваліфікаваць як незаконнае затрыманьне, як незаконнае пазбаўленьне волі. Бо гэта пакуль не прызыў у войска, таму што так прызыў ня робіцца. Ім абавязаныя даць позвы, і яны па іх павінны прыйсьці. Калі ня прыйдуць, іх могуць прыцягнуць да адказнасьці. Гэта вызначаны законам парадак. Калі ўсё робіцца так прымусова і з удзелам спэцслужбаў, то гэта дае нам падставы кваліфікаваць гэта як адвольнае затрыманьне. А калі яшчэ ёсьць спрэчныя моманты з мэдыцынай, то тое, што Франка забралі, не дачакаўшыся ўступленьня ў сілу рашэньня суду, — гэта ёсьць парушэньне ўсіх юрыдычных працэдураў», - тлумачыць Алег Гулак.
Паводле палітыка Юрася Губарэвіча, тое, як улады праводзяць гэты прызыў, можна ацаніць як гвалтоўныя дзеяньні ў дачыненьні да лідэраў маладога пакаленьня апазыцыі.
«На маю думку, гэта ўсё робіцца дзеля адной мэты — гэта спроба ізаляцыі іх ад грамадзтва на пэўны тэрмін. І гэтыя дзеяньні ставяць пад сумнеў жаданьне ўладаў рабіць нейкія дэмакратычныя зьмены ў Беларусі», - кажа ён.