BE RU EN

Хто скупіў даляры напярэдадні «абвалу» рубля?

  • 5.01.2009, 8:45

2 студзеня Нацыянальны банк рэзка дэвальваваў рубель. Адначасова ў канцы снежня сітуацыя на біржы складалася парадаксальным чынам.

Напрыклад, 23 снежня на валютным гандлі БВФБ адбыўся загадкавы катаклізм – чыстая прапанова на продаж даляраў ЗША склала $417,338 млн., у 5,8 разоў перавысіўшы попыт, паведамляў АФН. Адначасова на інтэрнэт-форумах з'явілася інфармацыя, што ў апошнія дні снежня адбылася масавая скупка даляраў на валютнай біржы.

З улікам "абвалу" беларускага рубля і рэзкага падаражэння даляра ў Беларусі на гэтай аперацыі хтосьці змог зарабіць велізарныя грошы. Пракаментаваць гэтую інфармацыю прэс-цэнтр Хартыі'97 папрасіў вядомых экспертаў.

Аглядальнік газеты "Беларусы і рынак" Кастусь Скуратовіч адзначыў, што верагоднасць таго, што той, хто ведаў аб дэвальвацыі, якая мае адбыцца, будзе скупляць валюту, "вельмі высокая". Паводле яго словаў, такія аперацыі праводзяцца "дасведчанымі" людзьмі нават у дэмакратычных краінах, у Расеі ж гэта адбываецца ўвесь час.

"Магу толькі выказаць здагадку, што такую аперацыю маглі правесці людзі, якія валодалі інфармацыяй аб дэвальвацыі рубля, што мае адбыцца. Не здзіўлюся, калі пасля навагодніх святаў, калі грамадскасць ачомаецца, нас чакаюць вялікія выкрыцці. Магчыма, гэтая чутка пайшла не выпадкова. Мы цалкам можам пачуць, што былі нейкія махінацыі і кагосьці адвядуць пад белыя ручкі", -- адзначыў Кастусь Скуратовіч у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі'97.

Былы старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч лічыць, што, калі інфармацыя аб масавай скупцы даляраў дакладная, дык такія аперацыі маглі рабіць людзі, якія ведалі аб дэвальвацыі, што мае адбыцца.

"Калі гэтулькі было скуплена, дык, мабыць, прасачылася дзесьці інфармацыя аб тым, што будзе дэвальвацыя курсу. Інакш я сумняюся, што была б скупленая такая сума грошай. Валодаць такой інфармацыяй мог, вядома, той, хто рыхтаваў дэвальвацыю. Вядома, усё гэта варажба на кававай гушчы. Падчас майго перабывання старшынём Нацбанка ў мяне быў адзіны курс, а калі ёсць адзіны курс, ні аб якіх спекуляцыях не можа і быць і гаворкі. Я усталяваў адзіны курс, каб спыніць усялякую магчымасць спекуляцыяў. Калі ўрад усталёўваў некалькі курсаў валюты: для медыкаментаў - адзін, для нафты - другі, для газу – трэці (і гэта не банк усталёўваў, а усталёўвала ўлада) і раздаваў усялякія "цыдулкі", каб прадаць таму, таму ці таму для нейкіх мэтаў, гэта заўсёды суправаджалася карупцыяй.

Калі курс паднялі ці апусцілі, заўсёды можна пажывіцца, калі мэту такую пераследваць, але падчас майго перабывання такіх змяненняў курсу не было, таму што мы ўвялі валюту толькі ў канцы 1994 года, і ў 1995 годзе быў усталяваны адзіны і нязменны курс па ўсёй краіне. Таму тады і не было гаворкі аб спекуляцыях.

Спекуляцыі бываюць заўсёды, калі хтосьці ведае, што заўтра курс узнімецца, паслязаўтра апусціцца і гэтак далей.

Я ужо казаў журналістам, што сам быў уведзены ў зман, таму што вельмі ўжо сумленна казаў Аляксандр Лукашэнка, што не будзе абвалу ў новым годзе. Я лічыў, што паколькі крэдыт Міжнародны валютны фонд даў, ідзе мільярд крэдыту ад Расеі, дык можна рабіць маленькую дэвальвацыю, плаўную. І "абвал" для мяне быў нечаканасцю, як і для ўсіх астатніх. Я не бег у абменнік нешта абменьваць. А наогул трэба ведаць сітуацыю, усё гэта можа быць спекуляцыямі на чутках. Хаця, вядома, хто рыхтаваў дэвальвацыю, той ведаў, што рабіць", -- сказаў былы кіраўнік Нацбанка ў інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі'97.

Апошнія навіны