«Газпрам» будзе прадаваць Украіне газ па 450 даляраў?
- 5.01.2009, 9:22
Расейскі газавы манапаліст «Газпрам» прапаноўвае Украіне набываць газ па $450 за 1000 кубаметраў.
Аб гэтым сказаў кіраўнік «Газпрама» Аляксей Мілер, паведамляе Reuters.
Канфлікт «Газпрама» і «Нафтагаза» Украіны з-за коштаў і тарыфаў на транзіт газу прывёў да поўнага спынення з 1 студзеня паставак Кіеву «блакітнага паліва». У снежні прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка назваў прымальным для краіны кошт на ўзроўні $100 за 1000 кубаметраў, у той час як Газпрам прапаноўваў $250. У 2008 годзе Газпрам пастаўляў Украіне газ па $179,5 за 1000 кубаметраў.
«Нафтагаз Украіны адмовіўся ад ільготнай прапановы Газпрама аб пастаўках расейскага газу па кошце $250 за 1000 кубаметраў і ў аднабаковым парадку выйшаў з перамоўнага працэсу. Не вярнула за стол перамоваў нашых украінскіх калегаў і прапанова аб пастаўцы сярэднеазіяцкага газу па кошце $370 за 1000 кубаметраў, а таксама і прапанова аб пастаўцы газу па сярэднееўрапейскім кошце $418», - сказаў Мілер у нядзелю, назваўшы паводзіны «Нафтагаза» «безадказнымі».
«Будзем спадзявацца, што прапанова аб пастаўках газу на Украіну ў студзені месяцы па кошце $450 за 1000 кубаметраў, якая вызначаецца намі як кошт за газ у краінах Усходняй Еўропы, сумежных з Украінай мінус транзітныя выдаткі праз тэрыторыю Украіны - у самы бліжэйшы час верне «Нафтагаз» Украіны за стол перамоваў», - сказаў ён.
Украіна імпартуе каля 55 мільярдаў кубаметраў газу ў год.