BE RU EN

Беларусь чакае паўтарэнне працоўных пратэстаў 1991 года?

  • 6.01.2009, 7:52

Студзень 2009 года для большасці прадпрыемстваў аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудавання і радыёэлектроннай прамысловасці будзе непрацоўным.

Прафсаюз РЭП ацэньвае становішча прамысловасці як вельмі складанае. У інтэрв'ю газеце «Таварыш» сустаршыня прафсаюза РЭП Аляксандр Бухвостаў не выключае, што да пачатку красавіка сацыяльная напружанасць можа выліцца на вуліцу. Беларусь можа чакаць паўтарэнне працоўнага пратэсту 1991 года.

-- Крызісныя тэндэнцыі на 100 адсоткаў ахапілі прамысловасць Беларусі. Усе крэдыты, якія ўлады спрабуюць вырваць у Расеі, у МВФ, у ЗША, патрэбныя на выплаты хоць нейкі зарплаты - каб прытушыць сацыяльную напружанасць. Але калі Менскі трактарны завод, склады якога забітыя трактарамі, мае падставы спадзявацца на продаж сваёй прадукцыі ў будучыні, дык у іншых прадпрыемстваў такіх падставаў няма. Беларускія прадпрыемствы рыхтуюцца жыць у доўг.

Сацыяльная напружанасць выльецца ў пратэсты, якія можна прагназаваць ужо да сакавіка 2009 года. Да пачатку красавіка 2009 года можна чакаць працоўны пратэст таго ж маштабу і напружання, што і ў 1991 годзе. Урад, безумоўна, паспрабуе не дапусціць гэтага, і пэўныя меры ўжо прымае.

Але ў студзені 2009 года прадпрыемствы АСМ і РЭП будуць стаяць. Дапусцім, многія вытворчасці «Інтэграла» стаяць ужо зараз. І наогул, электронікі ў нас ужо няма. Калі ў «Інтэграл» не зрабіць сур'ёзныя фінансавыя ўліванні, прадпрыемства растане. Патрэбны цалкам іншы ўзровень тэхналогіяў, таму што нават мікраэлектроніка - гэта ўжо ўчорашні дзень. Безумоўна, беларусы маглі б набываць беларускія «гарызонты» і «Віцязі» - калі прадаваць тэлевізары за 50% ад кошту. Але бізнэсмэн не пойдзе за «Віцязямі», а набудзе лепш японскі тэлевізар, а ў працоўнага ва ўмовах фінансавага крызісу не будзе сродкаў купляць нават беларускія тэлевізары за палову кошту. Такі вось атрымліваецца лавінны крызіс.

На «Мотавела» запазычанасць па выплатах на 4 снежня складала 450 мільёнаў рублёў.

У вельмі складаным становішчы Баранавіцкі завод аўтаагрэгатаў. У снежні завод прапрацаваў 11 дзён, прыпыненыя ўсе выплаты.

На Барысаўскім заводзе агрэгатаў звольненыя 60 чалавек пенсіянераў, якія працавалі. Праўда, усім ім выплачана па пяць сярэдніх зарплатаў.

Наогул, усе агрэгатныя прадпрыемствы зацыкленыя на заводах-гігантах і цалкам ад іх залежаць.

У дастаткова складаным становішчы знаходзіцца МАЗ, асабліва вялікія складанасці назіраюцца з рэалізацыяй аўтамабіляў.

Пакуль не да канца зразумелы лёс заводу шасцярнёў - стаіць пытанне аб далучэнні прадпрыемства да Менскага трактарнага заводу.

У складаных умовах знаходзяцца гарадзенскія прадпрыемствы: сканчаюцца гадавыя працоўныя кантракты - людзей звальняюць. На Беларускім металургічным заводзе людзей пераводзяць на іншыя працы - з інжынера, напрыклад, на пагрузчыка. Паўсюль стаіць пытанне аб скарачэнні колькасці працоўных. Ідзе звальненне працоўных нават на «Гарызонце».

Гаворка ідзе аб тых прадпрыемствах, якія працавалі; не квітнелі, але забяспечвалі самавыжыванне. Зараз паўсюдна адбываецца зніжэнне зарплаты, пераход на няпоўны працоўны тыдзень (месяц). Можна казаць, што ў студзені прамысловасць працаваць не будзе, у лепшым выпадку - не будзе працаваць да сярэдзіны студзеня, -- адзначыў Аляксандр Бухвостаў.

Апошнія навіны