Генпракурора просяць прыцягнуць да адказнасці вінаватых у дэвальвацыі рубля
- 8.01.2009, 11:50
Гомельскі дэмакратычны актывіст Сяргей Трыфанаў 6 студзеня накіраваў заяву генпракурору Беларусі Рыгору Васілевічу, у якой просіць прыцягнуць да адказнасці вінаватых у дэвальвацыі рубля.
Як распавёў С.Трыфанаў БелаПАН, ён просіць прыцягнуць да адказнасці чыноўнікаў, з-за дзеянняў якіх «у адну ноч беларускі народ страціў 20% сваіх ашчаджэнняў у айчыннай валюце». Ён кваліфікуе гэта як нанясенне беларускім грамадзянам шкоды ў асабліва буйным памеры.
«Большасці нашых грамадзянаў грошы з неба не падаюць, а дастаюцца цяжкай працай. Дзяржава ж забірае ў нас гэтыя мінімальныя сродкі для існавання, такое ўжо было ў пачатку 90-х. Калі грамадзянін скрадзе нешта дзяржаўнае, яго чакае турма. Тады чаму дзяржаве ў асобе вышэйшых чыноўнікаў дазволена рабаваць людзей беспакарана?» - абураецца актывіст.
Пад заявай С.Трыфанава паставілі подпісы некалькі жыхароў горада.