Асуджанаму ў Менску адвакату Зэльцэру патрабуецца тэрміновая аперацыі на сэрцы
- 9.01.2009, 8:27
Грамадзянін ЗША Эмануіл Зэльцэр, які адбывае ў Беларусі трохгадовае зняволенне, павінен быць "накіраваны ў ЗША для аперацый на сэрцы, у тым ліку каранарнага шунтавання".
Так лічыць незалежны амерыканскі лекар Альберт Бенчабат, перадае БелаПАН.
Пасля неаднаразовых зваротаў амерыканскіх улад 6 студзеня А.Бенчабату было дазволена прыняць удзел у аглядзе асуджанага беларускімі лекарамі ў лякарні калоніі № 15 Магілёва. Азнаёміўшыся з вынікамі абследавання, праведзенага беларускімі калегамі, ён пакінуў свае рэкамендацыі і зрабіў прыпіску аб "нестабільнасці" стану Э.Зэльцэра.
Асуджанага агледзелі тры лекара - прадстаўнікі Міністэрствы аховы здароўя, ваенна-медыцынскага кіравання КДБ і дэпартамента выканання пакаранняў МУС.
Паводле папярэдняга дыягназу комплекснага абследавання беларускіх лекараў, Э.Зэльцэр пакутуе на шматлікія захворванні, у тым ліку на серанегатыўны спандзілаартрыт, артрапатыю суставаў ног, кіфаскаліёз, цукровы дыябета, полінейрапатыю, артэрыяльную гіпертэнзію, язвавую хваробу.
Беларускія спецыялісты паказалі, што Э.Зэльцэр скардзіцца на болі ў розных аддзелах хрыбетніка, за грудзінай, галавакружэнне і кашаль.
Паказаўшы са слоў зняволенага, што ён 20 год лячыўся ад падагрычнага артрыта, лекары пры аглядзе прыйшлі да высновы аб адсутнасці ў яго гэтай хваробы.
Па меркаванні беларускіх спецыялістаў, агульны стан Э.Зэльцэра "здавальняючы" і з невялікай карэкцыяй ягонае лячэнне "можа быць працягнутае" ва ўмовах медчасткі калоніі. Для канчатковага пацверджання дыягназу будзе праведзенае дадатковае абследаванне.
У інтэрв'ю БелаПАН брат асуджанага Марк Зэльцэр адзначыў "абсурднасць" заключэння беларускіх лекараў аб адсутнасці ў Э.Зэльцэра захворвання, "ад якога ён доўгія гады лячыўся ў ЗША і якое прычыняе яму цяпер асноўныя болі".
Па ягоным меркаванні, беларускія ўлады "не плануюць адпускаць Зэльцэра", нягледзячы на тое што Злучаныя Штаты Амерыкі настойваюць на ягоным вызваленні ў сувязі з цяжкім станам, які пагоршыўся ў зняволенні.
Э.Зэльцэр быў арыштаваны 12 сакавіка 2008 года. 11 жніўня Менскі гарадскі суд прысудзіў яго да трох год пазбаўлення волі за выкарыстанне загадзя ілжывых дакументаў і замах на камерцыйны шпіянаж. 31 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі пакінуў прысуд у сіле. Усе судовыя працэсы праходзілі ў закрытым рэжыме.