Да канца студзеня знясуць міліцэйскія дачы ў раёне Заслаўскага вадасховішча?
- 9.01.2009, 13:33
Праз тры тыдні Менскі райвыканкам павінен забяспечыць знос міліцэйскіх дачаў у раёне Заслаўскага вадасховішча альбо перадаць гэтыя дамы для размяшчэння дамоў сямейнага тыпу для дзяцей-сіротаў.
Гаворка аб гэтых дачах ішла на нашумелай антыкарупцыйнай нарадзе ў Лукашэнкі ў лістападзе мінулага года.
У канцы мінулага года Менскі райвыканкам падаў пазоў «аб прызнанні несапраўднай дзяржаўнай рэгістрацыі ўзнікнення, пераходу права прыватнай уласнасці на зямельныя ўчасткі і размешчаныя на іх капітальныя будынкі». Адказнікамі па справе выступалі Аляксандр Шчурко, Віктар Філістовіч, Леанід Глухоўскі, Віктар Мельнікаў, Лідзія Іванчыкава, Уладзімір Карпейчык, Уладзімір Коўчур, Уладзімір Бурко, Дзмітры Новік, паведамляе «Комсомольская правда в Беларуси».
Як стала вядома «Беларускаму партызану», суд задаволіў пазоў Менскага райвыканкама. Прычым, некаторыя справы разглядаліся нават без другога боку - аб рашэнні суду ўладальнікі некаторых участкаў даведаліся ўжо постфактум.
Паводле інфармацыі сайта, зараз асобныя ўладальнікі дамоў у раёне дачнага пасёлка «Крынічны» спрабуюць дамовіцца з прадстаўнікамі ўлады аб тым, каб выкупіць ужо канфіскаваныя ў іх зямельныя ўчасткі па рынкавым кошце. Што з гэтага атрымаецца - пакуль невядома.