Лукашэнка: Ва ўсім вінаваты МВФ, але дэвальвацыю ўсё роўна трэба было праводзіць
- 9.01.2009, 16:52
Толькі праз тыдзень беларускі дыктатар пракаментаваў факт дэвальвацыі беларускага рубля.
"Міжнародны валютны фонд прапанаваў Беларусі добры крэдыт, нават лепш, чым дала Расея. Але было два патрабаванні: не павышаць заработную плату, не раздаваць беларускія рублі, таму што народ пайдзе мяняць іх на даляры ў абменніках. Хоць мы не зусім пагадзіліся, але знайшлі кампраміс. І другое - каб мы на 20% разава дэвальвавалі рубель. Гэта было патрабаванне МВФ.
І амаль за тры мільярды даляраў, якія яны нам прапанавалі, на гэта трэба было ісці. Тым больш, што дэвальвацыю нам трэба было і так ажыццяўляць у сілу нашай экспартаарыентаванай эканомікі", -- заявіў Лукашэнка, каментуючы сітуацыю на валютным рынку падчас кадравых прызначэнняў.
У той жа час, першапрычынай праведзенай дэвальвацыі А.Лукашэнка лічыць неабходнасць падтрымкі айчынных прадпрыемстваў-экспарцёраў. "Па-першае, Расея - наш буйны гандлёвы партнёр, і нашы экспарцёры пры моцным беларускім рублі пачалі несці вялікія страты пры гандлі на яе рынках. Таму нам прыйшлося пайсці на гэты крок. І лепш было здзейсніць дэвальвацыю аднамомантна. Кошт даляра ў сярэднім узрос на 400 рублёў, гэта параўнальна няшмат, але мы падтрымалі вытворцаў", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Галоўнае цяпер - вытворчасць, бо будзе вытворчасць - будзе і рубель, будзе ўсё. Не будзе вытворчасці - не будзе і рубля", - дадаў прэзідэнт.
Менавіта гэтыя дзве прычыны - неабходнасць падвышэння канкурэнтаздольнасці на расейскім рынку і патрабаванне МВФ - і сталі перадумовай праведзенай дэвальвацыі, рэзюмаваў прэзідэнт.
Пры гэтым А. Лукашэнка заклікаў людзей да спакою: "Усе задаюцца пытаннем - а як далей будзе? Далей будзе нармальна. Бегчы ў абменнікі не трэба".
Па ягоных словах, беларусам не варта "бегчы ў абменнікі і купляць па ашалелых коштах даляры". "Не вядома, што яшчэ будзе з далярам і еўра. Калі хтосьці хоча ўкласці свае грошы ў тавары - гэта правільна. Але купляць тры, пяць, дзесяць тэлевізараў або лядоўняў з разлікам на тое, што гэта добрае ўкладанне сродкаў, - гэта поўная дурасць, таму што кошты на тавары падаюць. Грошы трэба трымаць у банках", - сказаў А.Лукашэнка.
Беларускі кіраўнік лічыць, што ў наступным сітуацыя стабілізуецца. "Мы нават разлічваем, што нам трэба будзе ўмацоўваць рубель, а даляр стане танней. Будзе ўсё залежаць ад насельніцтва і ад таго, як будзе складацца становішча на рынку. І потым, у Беларусі ўсе жа за рубель жывуць, ды мы і цяпер павялічваем прывабнасць нашай валюты", - падрэзюмаваў А.Лукашэнка.