BE RU EN

Шыгалаў адкупіўся ад Лукашэнкі лядовым палацам

  • 1.10.2009, 10:02

Старшыня праўлення ГД «Ждановічы» Яўген Шыгалаў памілаваны па рашэнні беларускага кіраўніка.

Пра гэта «Інтэрфаксу» у чацвер паведамілі ў праваахоўных органах.

«Кіраўнік дзяржавы падпісаў указ аб памілаванні Я.Шыгалава», паведамілі супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Паводле існуючага заканадаўства, генеральны пракурор павінен падпісаць пастанову аб прыпыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да гэтай асобы.

«Акрамя Шыгалава памілаваныя яшчэ два фігуранты гэтай справы», - паведамілі ў праваахоўных органах.

Як раней паведамляў сайт www.charter97.org, справа ў дачыненні да старшыні праўлення Гандлёвага дома «Ждановічы» Яўгена Шыгалава была ўзбуджаная ў студзені 2008 года. Яго затрымалі 5 красавіка 2008 года, арыштавалі -- 7 красавіка. 15 красавіка Шыгалаву было прад'яўлена абвінавачванне ў злоўжыванні ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі і незаконным захопе земляў. 26 чэрвеня Шыгалава вызвалілі з-пад варты пад заклад у 10 млрд. рублёў.

У ліпені Я.Шыгалаў выязджаў на лячэнне ў Лондан. Апошнія некалькі тыдняў перад вызваленнем пад заклад ён знаходзіўся пад кругласутачнай аховай у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Кардыялогія», дзе праходзіў курс лячэння. Яшчэ да арышту Я.Шыгалаў двойчы перанёс інфаркт міякарда і быў праапераваны.

Нагадаем, што асноўным эпізодам, які ставілі ў віну бізнэсмэну, з'яўлялася нямэтавае выкарыстанне і захоп земляў.

Выступаючы ў «палаце прадстаўнікоў» 29 красавіка 2008 года, А.Лукашэнка заявіў, што Шыгалаў «нагой дзверы адчыняў ва ўрад, адміністрацыю прэзідэнта».

Яўген Шыгалаў павінен быў пакрыць дзяржаве шкоду ў памеры 85 млрд. рублёў (больш за $31 млн). У якасці «кампенсацыі» дырэктару рынка «Ждановічы» прапанавалі пабудаваць Лядовы палац у Чыжоўцы. Відаць, у бізнэсмэна ўсёткі атрымалася адкупіцца ад Лукашэнкі.

Апошнія навіны