Беларусь засталася без інтэрнэту
- 1.10.2009, 12:46
1 кастрычніка ў 11.00 Беларусь была адрэзаная ад Глабальнай сеткі. Абаненты розных інтэрнэт-правайдэраў былі пазбаўленыя магчымасці паўнавартасна карыстацца інтэрнэтам.
Пры гэтым рэсурсы ўнутры Беларусі былі дасягальныя. Таксама дасягальнымі заставаліся Skype і адпраўка і атрыманне пошты па пратаколе TLS праз 465-ы і 995-ы парты. Паводле інфармацыі Electroname.com, праблема ўзнікла на баку «Белпака».
Як высветлілася, адзіны кампетэнтны супрацоўнік «Белпака» інжынер Бальшакоў зараз знаходзіцца ў адпачынку і ліквідаваць непаладкі проста не было каму.
Прадстаўнікі прыватных правайдэраў неахвотна каментуюць сітуацыю і адмаўляюцца назваць, калі будзе вырашаная праблема. Дарэчы, праблема адключэння знешніх рэсурсаў закранула толькі прыватных правайдэраў, абаненты byfly ад «Белтэлекам» цяжкасцяў з доступам у сетку не адчуваюць.
Прадстаўнік аднаго з прыватных правайдэраў так пракаментаваў сітуацыю: «Паводле нашай інфармацыі, збой адбыўся з-за працаў па пашырэнні знешняга канала. На жаль, у першую чаргу збой «ударыў» па канале для прыватных правайдэраў. Карыстальнікаў byfly гэта амаль не закранула. Мы пакуль не маем дакладнага часу ліквідацыі непаладак. Чакаем, ад нас зараз мала што залежыць».
«Усё гэта магчыма, таму што адзіны канал для перадачы знешняга трафіку знаходзіцца ў руках манапаліста - «Белтэлекама». Падобная сітуацыя - гэта паказчык таго, як можна лёгка стварыць інфармацыйную блакаду – адзін рух мышкай, і 95 адсоткаў карыстальнікаў застаецца без інтэрнэту», – сказаў сайту www.charter97.org супрацоўнік яшчэ аднаго інтэрнэт-правайдэра Беларусі.