BE RU EN

Амбасада РФ: Пытанне арыштаванага ў Беларусі эколага Ажароўскага - на кантролі

  • 12.10.2009, 12:40

У амбасадзе Расеі ў Беларусі заяўляюць, што ведаюць пра арышт маскоўскага эколага Андрэя Ажароўскага.

Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміў супрацоўнік расейскай амбасады Вадзім Гусеў.

«Пытанне знаходзіцца на кантролі ў консульскім аддзеле амбасады, -- сказаў Гусеў. -- Мы ведаем пра арышт Ажароўскага. Пэўныя рашэнні ў сувязі з гэтым будуць прымацца».

Нагадаем, што каардынатар расейскай групы «Экаабарона», фізік-атамшчык Андрэй Ажароўскі быў затрыманы 9 кастрычніка ў Астраўцы падчас грамадскіх слуханняў аб будаўніцтве беларускай атамнай электрастанцыі.

Ажароўскі быў дастаўлены ў мясцовае аддзяленне міліцыі перад пачаткам слуханняў. У яго канфіскавалі 94 друкаваных матэрыялы пад назвай «Крытычныя водгукі адносна папярэдняй справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС».

У момант затрымання Ажароўскі, паводле яго словаў, не раздаваў друкаваныя матэрыялы. «Яны ляжалі ў пакеце, і я планаваў раздаць іх падчас слуханняў, — сказаў экаабаронца ў інтэрв'ю БелаПАН. — Да мяне падышлі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і чалавек па прозвішчы Свірыд, які назваўся супрацоўнікам дырэкцыі АЭС, што будуецца. Ён мне сказаў, што забараняе праносіць у залу крытычныя заўвагі па будаўніцтве АЭС».

У выніку Андрэй Ажароўскі увечары 9 кастрычніка быў прысуджаны судом Астравецкага раёна Гарадзенскай вобласці да сямі сутак арышту па абвінавачванні ў дробным хуліганстве.

Апошнія навіны