За 11 блокаў цыгарэт беларускія мытнікі забралі ў літоўца аўтамабіль
- 12.10.2009, 13:44
З-за дробнай кантрабанды грамадзянін Літвы можа пазбавіцца аўтамабіля, які каштуе 140 тысяч даляраў.
На беларуска-літоўскім участку мяжы ў пункце пропуску «Катлоўка» пры афармленні на выезд у Літву грузавога аўтамабіля «Вольва» з паўпрычэпам памежны атрад знайшоў кантрабандныя цыгарэты, паведамілі «Інтэрфаксу» у прэс-службе Дзяржаўнага памежнага камітэта.
«Кіроўца, грамадзянін Літвы, у кабіне ў канструкцыйных асаблівасцях хаваў 11 блокаў і 8 пачакаў цыгарэт з акцызнымі маркамі Расейскай Федэрацыі. Дадзены факт стаў падставай дла таго, каб аўтамабіль і паўпрычэп коштам каля $140 тыс. кожны, а таксама цыгарэты былі канфіскаваныя супрацоўнікамі мытні да рашэння суда», - распавялі ў прэс-службе.
Там таксама адзначылі, што, «калі будзе прынята судовае рашэнне пра іх канфіскацыю ў прыбытак дзяржавы, кошт пачака цыгарэт для кантрабандыста складзе каля $2,4 тыс».