BE RU EN

Анджэй Пачобут: Улады прымушаюць беларускіх палякаў пераходзіць у праўладную арганізацыю

  • 12.10.2009, 16:26

Супрацоўнікі фінансавага аддзела Валожынскага райвыканкама сумесна з сілавымі структурамі праводзяць праверку фінансава-гаспадарчай дзейнасці Дома палякаў ў Івянцы.

Праверка ажыццяўляецца паводле «ананімкі» і выглядае як апісанне маёмасці Дома польскага. Такія дзеянні тлумачацца тым, што міліцыя спрабуе высветліць, якім чынам ажыццяўляецца фінансаванне арганізацыі, паведамляе «Радыё Рацыя».

Актывіст Саюза палякаў, журналіст Анджэй Пачобут лічыць, што дзеянні ўладаў пераследуюць пэўныя мэты.

«Сапраўдная мэта ўладаў - гэта запалохванне актывістаў Саюза палякаў і прымушэнне іх перайсці ў праўладны Саюз палякаў, -- заяўляе Анджэй Пачобут.-- Праблемы Дома польскага ў Івянцы пачаліся яшчэ перад з'ездам афіцыйнага саюза палякаў, калі беларускія службы, беларускія ўлады аказвалі вельмі моцны ціск на актывістаў у Івянцы, каб прымусіць іх вылучыць сваіх прадстаўнікоў на з'езд. Нягледзячы на гэта, прымусіць аддзел Саюза палякаў у Івенцы ўдзельнічаць у з'ездзе не ўдалося. Мы спадзяваліся, што пасля гэтага з'езду сітуацыя нармалізуецца і людзей больш не будуць запалохваць, але, на жаль, нашыя спадзяванні не апраўдаліся».

Нагадаем, што Саюз палякаў Беларусі быў «расколаты» пры дапамозе беларускіх уладаў некалькі гадоў таму. Падкантрольная ўладам частка арганізацыі з’яўляецца афіцыйна прызнанай. На СПБ на чале з Анжалікай Борыс, які падтрымліваецца ўрадам Польшчы, аказваецца ганенне.

З-за Саюза палякаў у беларускіх улад складаныя адносіны з афіцыйнай Варшавай. У пачатку беларуска-польскага канфлікта, у 2005 годзе, Аляксандр Лукашэнка абвінавачваў Польшчу ў тым, што праз гэты саюз яна «прамывае мазгі» беларускім палякам.

«Беларускія палякі не хочуць жыць у Польшчы. Мы не дазволім з нашых грамадзян рабіць нейкіх марыянетак», - заяўляў тады Лукашэнка. Канфлікт у 2005 годзе суправаджаўся ўзаемным высыланнем дыпламатаў.

У той жа час улады Польшчы не раз заяўлялі, што адной з умовай нармалізацыі беларуска-польскіх адносінаў ёсць прызнанне ўладамі Беларусі Саюза палякаў на чале з Анжалікай Борыс.

Апошнія навіны