Беларускія чыноўнікі хаваюць сутнасць перамоваў з «Газпромам»
- 13.10.2009, 17:47
Беларусь сфармавала пазіцыю для вядзення перамоваў пра кошт на расейскі газ у 2010 годзе, паведаміў міністр энергетыкі Беларусі Аляксандр Азярэц.
«Ёсць вызначаная перамоўная пазіцыя, з якой мы паедзем у Газпром, каб прапанаваць яе да разгляду», - сказаў ён.
Як перадае «Інтэрфакс», міністр адмовіўся раскрываць сутнасць гэтай пазіцыі. «Па выніках яе разгляду мы штосьці скажам канкрэтнае», - паабяцаў кіраўнік Мінэнерга.
Ён дадаў, што беларуская дэлегацыя паедзе ў Маскву, як толькі ў расейскую сталіцу вернецца старшыня праўлення «Газпрома».
Як паведамлялася раней, першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў пра жаданне Беларусі захаваць у 2010 годзе формулу кошту на газ для Беларусі і паніжаючы каэфіцыент гэтага года.
Аднак старшыня праўляенне «Газпрома» Аляксей Мілер паведаміў, што кошт газу, які пастаўляе расейскі «Газпром» у Беларусь, будзе паступова падвышацца ў адпаведнасці з падпісаным кантрактам.
31 снежня 2006 года ААТ «Газпром» і ААТ «Белтрансгаз» падпісалі кантракт на пастаўку і транзіт газу ў 2007-2011 гадах. Дакументам, у прыватнасці, была вызначана формула кошту з 1 студзеня 2008 года (якая адпавядае формуле кошту пры пастаўках расейскага газу ў Еўропу), а таксама паніжаючыя каэфіцыэнты цаны на 2008-2010 гады (0,67, 0,8 і 0,9 адпаведна). З 2011 года Беларусь павінна выйсці на ўзровень цаны на газ, якая забяспечвае роўную прыбытковасць з пастаўкамі ў Еўропу.