У «Беларусбанка» няма грошай на ільготныя крэдыты? – Гэты толькі пачатак
- 14.10.2009, 9:30
Любыя ўкідкі грошай на рынак непазбежна вядуць да павелічэння ціску на валютны сегмент рынка.
Учора газета «Комсомольская правда в Беларуси» напісала пра тое, што Беларусбанк прыпыніў выдачу новых траншаў па ільготных крэдытах на будаўніцтва жылля. Грамадзяне, якія распачалі будаўніцтва жылля і заключылі дамовы з банкам і з забудоўшчыкам, не могуць унесці чарговыя ўнёскі і ім пагражае пеня.
Як піша АФН, прычына банальная для краіны з планавай эканомікай - банк выдаў больш крэдытаў, чым было запланавана палажэннем Саўміна. Сёлета тых, хто мае патрэбу ў крэдытах, было вельмі шмат і ўсе вызначаныя ўрадам грошы банк ужо выдаў.
«Да 25 кастрычніка будзе прапрацоўвацца пытанне аб тым, як зноў прыступіць да выплатаў. Што датычыць пені, дык ільготнікам па законе яе налічаць не павінны», - адказала прэс-служба Беларусбанка.
«У 2009 годзе было прадугледжана выдаць ільготных крэдытаў на суму 2376 млрд. рублёў, а па стане на 12 кастрычніка сума ўжо выдадзеных крэдытаў склала 2422 млрд. рублёў», - патлумачыў выданню сітуацыю начальнік аддзела камерцыйных фінансавых інструмантаў Галоўнага ўпраўлення рэгулявання банкаўскіх аперацыяў Нацыянальнага банка Аляксей Назараў.
« Зараз, паколькі змяніліся крытэры аднясення грамадзянаў да катэгорыі малазабяспечаных, якія маюць права на атрыманне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жылля, а таксама ў сувязі з неабходнасцю нарошчвання жыллёвага будаўніцтва ў 2010 годзе, узнікла дадатковая патрэба ў ільготных крэдытных рэсурсах… Урад ужо даў банку адпаведнае даручэнне. Такім чынам, ільготнае крэдытаванне грамадзянаў у бягучым годзе будзе ажыццяўляцца і надалей у неабходных аб'ёмах згодна з заключанымі крэдытнымі дамовамі», - сказаў прадстаўнік Нацбанка.
Дзіўна, што на гэта пытанне адказваў А.Назараў, а не кіраўнік Нацбанка Пётр Пракаповіч, які з пачатку крызісу ўпарта прапіхваў ідэю ўзмоцненага будаўніцтва жылля, што павінна было стаць лакаматывам эканомікі. Лакаматыў так і не паехаў, але задаў галаўнога болю ўсім – ад ільготнікаў і забудоўшчыкаў да самой вярхушкі кіраўнічай вертыкалі.
А толькі ж кіраўнік Нацбанка мог бы патлумачыць, чаму Беларусбанк, які адказвае за выдачу крэдытаў у межах інтэнсіфікацыі будаўніцтва жылля, на любых падставах адмаўляе грамадзянам у заключэнні новых дамоваў на ільготнае крэдытаванне. Толькі ў Пракаповіча ёсць паўнамоцтвы распавесці, дзе Беларусбанк, які церпіць недахоп ліквіднасці ў 2.5 трлн. рублёў і затрымлівае пералічэнне падатковых плацяжоў на рахункі Мінфіна, знойдзе грошы на аднаўленне крэдытных праграмаў па старых дамовах і выплаты па новых крэдытах.
Зрэшты, ільготныя крэдыты – гэта яшчэ кветачкі. Беларусбанк ужо перыядычна затрымлівае на розных падставах рублёвыя пералічэнні юрыдычных асобаў. Не выпадкова ўчора ў Лукашэнкі прайшла нарада на тэму «як выцягнуць банкаўскую сістэму краіны». Бо праблемы Беларусбанка, а таксама Белаграпрамбанка (дэфіцыт ліквіднасці якога таксама ўражвае - каля 1,5 трлн. рублёў), на якіх прыходзіцца больш за 80% усяго банкаўскага сектара краіны аўтаматам пацягнуць за сабой астатнія банкі. І не дапамогуць замежныя ўласнікі.
Сур'ёзнасць пытання нельга недаацэньваць. Бо ізноў ткі не выпадкова Беларусбанк, які апошнія два гады піярыўся з нагоды і без нагоды наконт магчымага IPO і продажу мінарытарнага пакета акцыяў, напісаў ліст у Нацбанк з просьбай прыпыніць усе рухі ў гэтым накірунку. Іншага выйсця не было. Новыя патрабаванні Нацбанка па ўліку таксічных актываў і рэзерваванні ў сукупнасці з недахопам ліквіднасці паказалі рэальны стан найбуйнейшага банка – вобразна кажучы, пры продажы мінарытарнага пакета прыйшлося б яшчэ даплаціць грошай інвестару за тое, што пагадзіўся ўзяць яго ва ўласнасць.
Аднак нельга сказаць, што віна за сітуацыю, якая склалася, цалкам ляжыць на кіраўніцтве банка і асабіста сп-ні Н.Ермаковай. Дзяржбанк вымушаны выконваць даручэнні ўласніка. А уласнік - урад краіны - занадта доўга адмаўляўся прызнаваць наяўнасць крызісу ў краіне. Можна было заплюшчыць вочы і на гэтую тупую ўпартасць, калі б пры гэтым дзяржбанкам не прыходзілася напампоўваць эканоміку крэдытамі дзеля выканання прагнозных паказчыкаў, выкарыстоўваючы пры гэтым усялякія хітрыкі і абыходныя манеўры – раптам МВФ уцяміць.
МВФ ужо даўно ўцяміў, і калі б не палітычны складнік у адносінах з фондам, Беларусь бы не атрымала ні другі, ні наступныя траншы з-за «прыкладнага» выканання сваіх абавязальніцтваў.
Праблема будзе вырашацца старымі метадамі. Нацбанк ужо ў тры змены запусціў друкавальны станок для падтрымкі ліквіднасці сістэмаўтваральных банкаў. Аднак не варта забывацца, што яго магутнасць таксама абмежаваная. Акрамя таго, вымушана ўкідваючы рублёвую ліквіднасць на рынак, Нацбанк па сутнасці пілуе пад сабой сук – любыя ўкідкі грошай на рынак непазбежна вядуць да павелічэння ціску на валютны сегмент рынка, знізіць які можна будзе толькі чарговай непазбежнай дэвальвацыяй. Нацбанк гэтага не хоча. Не хочуць гэтага і міжнародныя структуры.
Можа, гэтага дамагаецца беларускі ўрад, які застаўся незадаволеным ўзроўнем аднаразовай дэвальвацыі, зробленай 1 студзеня бягучага года? 20% дэвальвацыя для асобных віцэ-прэм'ераў падалася недастатковай для падтрымкі экспарцёраў. Колькі ж трэба? І як доўга ўлады маюць намер падтрымліваць, льгатаваць, субсідаваць тое, што ўжо даўно трэба было прадаць, рэструктурызаваць, а сёе-тое і зусім знесці бульдозерам – так танней і бяспечней для краіны, народа, ды і друкавальны станок не так хутка навернецца.