Генпракуратура прапанавала распрацаваць «Кодэкс гонару дзяржслужачых»
- 14.10.2009, 14:34
У кожным міністэрстве плануюць стварыць антыкарупцыйныя камісіі, якія будуць вырашаць пытанні прасоўвання па кар’ернай лесвіцы.
Пра гэта паведаміў намеснік генеральнага пракурора Беларусі Віктар Конан, перадае БелТА.
Генпракуратура накіравала ў Міністэрства юстыцыі прапанову па распрацоўцы і прыняцця кодэкса паводзінаў і этыкі дзяржслужачых. Віктар Конан сказаў, што здаўна так павялося, што найвышэйшыя пасады мусіць займаць «чалавек непадкупны, разумны, адукаваны, разважлівы». «Пад Кодэксам гонару маецца на ўвазе тое, што ў кожным міністэрстве і ведамстве, на чым настойвае Генпракуратура, павінны быць створаныя (а ў большасці яны ўжо існуюць) антыкарупцыйныя камісіі, якія будуць вырашаць пытанні прасоўвання па кар’ернай лесвіцы», - патлумачыў ён.
Таму Генпракуратура прапаноўвае ўвесці такую сістэму, каб на гэткіх камісіях разглядаліся пытанні, ці можа канкрэтны чалавек ісці далей па службе, быць «непадкупным і сумленным».