Лукашэнка ўдзельнічаў у перапісе разам з сынам Міколам (Відэа)
- 14.10.2009, 16:34
Судзячы па відэакадрах, перапісчыца прыйшла ў рэзідэнцыю беларускага кіраўніка ў Драздах.
Беларускія тэлеканалы сёння паведамілі, што «адным з першых ўдзел у перапісе ўзяў Аляксандр Лукашэнка са сваім малодшым сынам Мікалаем».
У якасці перапісчыка да Лукашэнкі прыйшла маладая дзяўчына. Камунікацыя адбывалася за кубкам гарбаты. Падчас размовы беларускі правіцель трымаў на руках сына Міколу.
Лукашэнка адказаў на пытанні анкеты, якія тычацца даты і месца нараджэння, а таксама месца жыхарства, нацыянальнасці і грамадзянства.
Адказваючы на пытанне «На якой мове вы размаўляеце дома?», ён заявіў: «Ад расейскай да беларускай, і на «трасянцы».
Кажучы пра крыніцы сваіх прыбыткаў, Лукашэнка сказаў: «Напэўна, мне можна толькі зарплата».
Што тычыцца ўзроўня адукацыі, то беларускі кіраўнік заявіў, што ён у яго «неблагі».
Затым надыйшла чарга малодшага сына Лукашэнкі. Асноўныя этапы біяграфіі – нарадзіўся ў Менску ў 2004 годзе, зараз наведвае дзіцячы садок.