Калі мы салідарныя – абрынецца любая дыктатура
- 16.10.2009, 10:51
16 кастрычніка спаўняецца чатыры гады, як у Беларусі праходзяць акцыі салідарнасці з сем'ямі выкрадзеных і рэпрэсаваных актывістаў апазіцыі. І сёння ў 18.00 беларусы прыйдуць на Кастрычніцкую плошчу Менска.
Усе гэтыя гады ў нашай краіне і ў шматлікіх краінах свету людзі выходзяць на плошчы сваіх гарадоў і заклікаюць беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі супраць апазіцыі і пачаць у краіне палітычныя рэформы.
«Я хачу выказаць падзяку ўсім за падтрымку і аказаную салідарнасць у тыя дні, калі я знаходзіўся ў турме. Пра мяне пісалі, памяталі пра маю сям'ю. Пасля таго, як я апынуўся на волі, атрымаў заснаваную Хартыяй’97 Нацыянальную прэмію за абарону правоў чалавека. Праз гады, якія прайшлі, магу сказаць, што гэта адзіная ўзнагарода, якой я шчыра ганаруся.
Такія акцыі патрэбныя, пакуль у краіне існуе несправядлівасць. Неабходна паказваць сённяшнім уладам, што мы памятаем пра зніклых без вестак Ганчара, Красоўскага, Завадскага, што мы гатовыя біцца за кожнага палітвязня. Такога больш ніколі не павінна паўтарыцца», - заявіў былы палітвязень і дэпутат «палаты прадстаўнікоў» трэцяга склікання Сяргей Скрабец.
Нагадаем, што сёння ў Беларусі па-ранейшаму ёсць вязні сумлення. Гэта арыштаваныя ў лютым гэтага года ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў, а таксама актывіст «Маладога Фронту» Арцём Дубскі. Палітвязень Мікалай Аўтуховіч і раней пераследваўся за сваю актыўную барацьбу за правы прадпрымальнікаў. На думку праваабаронцаў, сёння яго бяздоказна абвінавачваюць у здзяйсненні цяжкіх злачынстваў і збіраюцца судзіць на закрытым працэсе. У знак пратэсту супраць незаконнага арышту Аўтуховіч галадаў у турме больш за 90 дзён, моцна падарваўшы здароўе.
Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі ў ліпені быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па знакамітай «справе 14-ці» - тады 14 моладзевых актывістаў былі прысуджаныя да абмежавання і пазбаўлення волі за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў.
У Беларусі па-ранейшаму не расследуюцца справы аб знікненні ў 1999-2000 гадах лідэраў апазіцыі Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага. У выкраданні гэтых людзей міжнародная супольнасць падазрае высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі.
Напярэдадні чацвёртай гадавіны правядзення ў Беларусі Дзён салідарнасці лідэры апазіцыі заклікалі беларусаў выйсці 16 кастрычніка ў 18.00 на Кастрычніцкую плошчу Менска.
«Адзінае, чаго па-ранейшаму баіцца дыктатура, - гэта нашая салідарнасць. Толькі яе дэманстрацыя праз вулічныя акцыі можа прымусіць улады спыніць рэпрэсіі і вызваліць палітвязняў, як гэта ўжо было раней», -- кажацца ў заяве, якую падпісалі каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель, лідэр «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч, старшыня «Моладзі БНФ» Андрэй Крэчка і лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
Ініцыятарамі Дзён беларускай салідарнасці чатыры гады таму сталі лідэр ініцыятывы «Мы памятаем», удава зніклага ў Беларусі бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Ірына Красоўская, вядомая журналістка Ірына Халіп і моладзевы лідэр Мікіта Сасім. Ідэя праводзіць Дні салідарнасці нарадзілася пасля таго, як 16 верасня 2005 года, ва ўгодкі знікнення віцэ-спікера Вярхоўнага Савета 13 склікання Віктара Ганчара і бізнэсмэна, грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага, міліцыя разагнала акцыю ў памяць зніклых і адабрала ў яе ўдзельнікаў партрэты зніклых палітыкаў і нацыянальныя сцягі. У той дзень моладзевы лідэр Мікіта Сасім узняў над галавой сваю джынсавую кашулю як знак супраціву дыктатуры.
Менск, 16 верасня 2005
Брусэль, 16 лістапада 2005
Кіеў, 16 лістапада 2005
Познань, 16 снежня 2005
Гожуў-Велькапольскі, 16 лютага 2006
ЗША, 16 лютага 2006
Польшча, 16 сакавіка 2006
Парыж, 16 красавіка 2006
Салігорск, 16 траўня 2006
Кіеў, 16 траўня 2006
ЗША, 16 ліпеня 2006
Варшава, 16 верасня 2006
Менск, Jeans Фэст, 16 верасня 2006
Менск, Jeans Фэст, 16 верасня 2006
Кракаў, 16 снежня 2006
Менск, 16 студзеня 2007
Менск, Касцёл св. Язэпа, 16 красавіка 2007
Масква, 16 красавіка 2007
Прага, 16 траўня 2007
Менск, 16 верасня 2008
Менск, 16 жніўня 2009
Менск, 16 верасня 2009