ЕБРР пагоршыў прагноз развіцця беларускай эканомікі
- 16.10.2009, 11:57
Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця перагледзеў эканамічны прагноз Беларусі на 2009 год.
Паводле прагнозу падзенне ВУП Беларусі ў 2009 годзе захаваецца на ўзроўні 3%, але на 0,5%, пагоршыўся прагноз росту ў 2010 годзе, перадае TUT.by. Нагадаем, што ў травеньскім прагнозе эканамічны рост Беларусі ацэньваўся на 1,4%.
Як чакаецца, у выніку рэзкага спаду вытворчасці ў першай палове бягучага года па выніках 2009 года сцісканне эканомікаў краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы складзе ў сярэднім 6,3%. Як сведчаць пазітыўныя прыкметы эканамічнага росту ў трэцім квартале 2009 года, у шмат якіх краінах рэгіёна аперацыяў ЕБРР рэцэсія дасягнула дна. Разам з тым эканамічны ўздым у 2010 года, відавочна, будзе няўстойлівым і непаўсюдным.
Як зазначаецца ў прэс-рэлізе ЕБРР, у 2010 годзе паказчыкі росту вытворчасці будуць моцна адрознівацца ў розных краінах, але сярэдні паказчык эканамічнага росту ў рэгіёне аперацыяў ЕБРР складзе ўсё ж каля 2,5%. «Акрамя таго, відавочна, што сацыяльныя наступствы сусветнага эканамічнага крызісу праявяцца па-сапраўднаму толькі ў наступным годзе, калі вал банкруцтваў кампаніяў і беспрацоўя будзе нарастаць і далей. У сярэднетэрміновай перспектыве эканамічны рост у рэгіёне аперацыяў ЕБРР хутчэй за ўсё таксама апынецца ніжэй за тэндэнцыі, якія склаліся за апошняе дзесяцігоддзе», – адзначыў галоўны эканаміст ЕБРР Эрык Бярглоф.