Лідэра апазіцыі Анатоля Лябедзьку збілі да крыві
- 16.10.2009, 18:56
16 кастрычніка падчас акцыі Салідарнасці ў Менску быў арыштаваны і збіты кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Карэспандэнт сайта www.charter97.org здолеў датэлефанавацца да Анатоля Лябедзькі, калі той знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менска.
«Зараз я знаходжуся ў Цэнтральным РУУС, разам са мной яшчэ прыкладна 25 удзельнікаў акцыі, -- распавёў лідэр АГП. – Мяне затрымалі на плошчы, пачалі збіваць. Пасля закінулі ў аўтобус, дзе працягнулі збіццё. Адзін амапавец падыйшоў ззаду і схапіў за шыю, другі – трымаў рукі, трэці – біў па твары. Пайшла крывя».
Паводле словаў Анатоля Лябедзькі, дзеянні беларускіх улад нагадваюць «псіхоз».
«Гэта псіхоз. Людзі выходзяць на вуліцу, каб ушанаваць памяць выкрадзеных, а іх забіраюць у міліцыю і збіваюць. Такія паводзіны ўладаў – ускоснае прызнанне таго, што ў краіне ёсць палітычныя вязні». – сказаў палітык.