BE RU EN

Цукар у Беларусі зноў падаражэе

  • 2.10.2009, 14:04

Насуперак запэўніванням урада, унутраныя цэны на цукар ад 3 кастрычніка пойдуць угару.

Згодна з пастановай Мінэканомікі № 157 ад 30 верасня 2009 года ад заўтра рознічныя цэны на цукар-пясок павялічацца, паведамляе «Ежедневник».

Мінулым разам фіксаваныя рознічныя цэны на цукар-пясок для рэалізацыі насельніцтву і мінімальныя адпускныя цэны для рэалізацыі на прамысловую перапрацоўку падвышаліся ў сярэднім на 2,5% 31 ліпеня гэтага года.

Тады падвышэнне цэн было абумоўлена неабходнасцю кампенсацыі падаражэння выдаткаў на вытворчасць і рэалізацыю цукар-пяску ў міжсезонны перыяд. Ініцыятарам падвышэння цэн выступаў канцэрн «Белдзяржхарчпрам».

У канцы жніўня прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі падчас наведвання Гарадзейскага цукровага камбіната заявіў: «На сусветным рынку цана на цукар расце, ёсць перспектывы за кошт дададзенага кошту, экспартных паставак атрымліваць больш ад прадпрыемстваў гэтай галіны».

Таксама напрыканцы лета старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Іван Данчанка адзначыў, што цэны на цукар ў чацвертым квартале звычайна нізкія, бо ў гэты перыяд назіраецца зніжэнне попыту на гэту прадукцыю, дэфіцыту цукру няма. Аднак, ва ўмовах росту цэн на цукар на сусветным рынку, які звязаны з сёлетнім неўраджаем цукровага трыснёгу ў Індыі і Бразіліі, гэта адчыняла неблагія перспектывы для імпарту беларускага цукру. У адносінах да цэн на цукар на ўнутраным рынку не выключалася верагоднасць іх зніжэння да лістапада – у сувязі з паступленнем у продаж салодкага пяску, зробленага з новага ўраджаю айчынных цукровых буракоў.

Але насуперак чаканням аб патанненні цукру альбо хаця б нязмены на яго цэн, ад 3-га кастрычніка салодкі прадукт будзе каштаваць даражэй.

Згодна з новым прэйскурантам «Рознічныя цэны на цукар-пясок», цана аднаго кілаграма цукар-пяску вагавога, упакаванага ў мяхі па 50 кілаграмаў, павялічыцца з 2080 да 2130 рублёў, а цана аднаго кілаграма цукар-пяску, расфасаванага ў паліэтыленавыя і папяровыя пакеты, падвысіцца з 2270 да 2330 рублёў.

Апошнія навіны