Валянцін Стэфановіч: «Рэпрэсій менш не стала»
- 21.10.2009, 16:17
Вядомы праваабаронца распавёў, як рэальна ідзе справа з палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі.
Юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч адказаў на пытанні www.charter97.org:
-- Валянцін, днямі ў інтэрв’ю «Радыё Свабода» лідэр руху «За свободу» Аляксандр Мілінкевіч зрабў неадназначную заяву, якая выклікала крытыку з боку дэмакратычных актывістаў. Ён заявіў, што «колькасць зваротаў рэпрэсаваных людзей за 4 месяцы гэтага года ў параўнанні з чатырма месяцамі мінулага года зменшылася ў разы». Як вы, як правааабронца, гэта пракаментуеце?
-- Летась у Беларусі да адміністрацыйнай адказнасці па палітычных матывах былі прыцягнутыя 525 чалавек, а ў 2009 годзе, нягледзячы на тое, што пакуль толькі кастрычнік месяц, былі затрыманы 424 чалавекі – гэта агульная колькасць затрыманых і прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці. Пры гэтым мы не прэтэндуем на ўсеабдымнасць – лічбы затрыманых па палітычных матывах могуць быць большымі. Да гэтага трэба ўлічваць, што летась у Беларусі праходзілі «парламенцкія выбары», і шмат людзей было затрымана пры агітацыі за незалежных кандыдатаў і за акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі, а сёлета ніякіх кампаній не праводзілася, але лічбы моцна не адрозніваюцца.
Варта адзначыць тэндэнцыю, якая з’явілася з канца мінулага года – арышты за ўдзел у мірных акцыях апазіцыі ці за распаўсюд друкаваных матэрыялаў працягваюцца, але ўлады пачалі ўстрымлівацца ад прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. То бок, напрыклад, у мінулым годзе мы фіксавалі толькі выпадкі, калі чалавек быў затрыманы, у адносінах да яго быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, і гэты пратакол быў накіраваны ў суд і суд вынес пастанову па дадзенай справе.
У гэтым годзе сітуацыя больш складаная. Насамрэч колькасць затрыманых грамадян, якія прымалі ўдзел у акцыях пратэсту альбо распаўсюдзе друкаваных выданняў, не змяншаецца. Грамадзян затрымліваюць, іншая справа, што пры гэтым супраць іх часта не складаюць пратаколаў. Такая тактыка ўладаў дазваляе сцвярджаць, што назіраецца нейкая «лібералізацыя»: быццам колькасць людзей, прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці па палітычных матывах, зменшылася. Рэпрэсій менш не стала.
-- Але ці можна казаць, што грамадзяне Беларусі могуць свабодна ўдзельнічаць у мірных сходах і выказваць сваё меркаванне?
-- Не. Я як грамадзянін Беларусі не магу свабодна выйсці з плакатам на плошчу ці цэнтральную вуліцу, да мэтавага аб’екта, каб не быць затрыманым, збітым ці прыцягнутым да адміністрацыйнай адказнасці. Падзеі 9, 16 верасня і 16 кастрычніка – гэта ўсё яскрава пацвердзілі, бо Закон аб масавых мерапрыемствах па сутнасці абмяжоўвае наша права на свабоду сходаў.
Людзей дэманстратыўна збіваюць на вуліцах, і, што асабліва выклікае заклапочанасць, - збіваюць пасля затрымання ў міліцэйскіх аўтобусах і аддзяленнях міліцыі.
Ніякіх істотных, сістэмных змен не адбылося. Грамадзянін Беларусі як быў пазбаўлены права на свабоду меркавання, так і пазбаўлены гэтага і зараз. Трэба ўздымаць пытанне аб змяненні заканадаўства ў гэтай сферы. Кантроль над грамадствам застаецца татальным.
-- Многія грамадзяне падчас апошніх дэманстрацый былі збітыя, да іх ужываліся катаванні. Як на гэта рэагуюць беларускія праваабаронцы?
-- Мы збіраем інфармацыю па фактах разгону апошніх мірных дэманстрацый і збіцця грамадзян, дапамагаем пацярпелым. Усе скаргі і пытанні мы перадалі праз Міжнародную федэрацыю правоў чалавека ў Жэневу – у Камітэт супраць катаванняў ААН і Міжнародную арганізацыю супраць катаванняў. Усе гэтыя факты таксама накіраваныя праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя».
Беларускія органы пракуратуры на ўсе гэтыя скаргі не рэагуюць, таму, калі не атрымліваецца дзейнічаць унутры краіны, мы будзем звяртацца ў міжнародныя арганізацыі. Свет павінен рэагаваць на абуральныя факты парушэння правоў чалавека ў Беларусі.