МВФ працягвае фінансаваць беларускую дыктатуру
- 22.10.2009, 9:21
21 кастрычніка фонд абвесціў пра даванне Беларусі другога крэдытнага транша.
На гэты раз крэдыт выдаецца ў памеры 699,5 мільёнаў даляраў. Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на інфармацыю карэспандэнта Балтыйскага агенцтва BaltInfo з Вашынгтона. Такім чынам, агульная сума пераведзеных сродкаў для беларускага боку складзе 2,23 млрд. даляраў.
Выканаўчая рада дырэктараў МВФ 12 студзеня 2009 года ўхваліла вылучэнне Беларусі крэдыту ў памеры 2,46 млрд. даляраў (420% квоты для гэтай краіны ў МВФ) пад рэалізацыю праграмы рэформаў, разлічанай на 15 месяцаў (да красавіка 2010 года). У чэрвені сума крэдыту была павялічаная да 3,63 млрд. даляраў.
У межах крэдыту stand-by Беларусь ужо атрымала каля 1,5 млрд. даляраў пад LIBOR+0,75% гадавых, астатнія сродкі павінны пералічвацца з улікам штоквартальных справаздачаў беларускага ўрада.
Узгодненая з урадам Беларусі праграма рэформаў МВФ прадугледжвае лібералізацыю эканомікі, у прыватнасці, коштаўтварэння, новы рэжым курсаўтварэння (пераход на прывязку нацыянальнай валюты да кошыка валютаў пасля папярэдняй аднамомантавай дэвальвацыі на 20%) і жорсткае стрымліванне ўнутранага попыту, у тым ліку праз абмежаванне бюджэтных выдаткаў, уключаючы мінімізацыю дзяржаўнай падтрымкі банкаў і зніжэнне тэмпаў росту зарплаты ў невытворчай сферы.
Пасля абмеркавання Выканаўчай радай МВФ пытання пра вылучэнне чарговага транша намеснік кіроўнага дырэктара Такатошы Ката заявіў, што краіна дамаглася значнага прагрэсу ў карэктоўцы сваёй палітыкі ў адказ на глабальны крызіс.
«Нягледзячы на істотнае скарачэнне аб'ёму экспарту, эканамічны спад быў невялікім у параўнанні з іншымі пацярпелымі ад крызісу краінамі. Карэктоўка курсу была падтрыманая жорсткай фіскальнай палітыкай, а недахоп даходаў кампенсуецца скарачэннем выдаткаў», — сказаў ён.