Навумаў угаварыў Хэнлана застацца пакуль працаваць у Беларусі
- 22.10.2009, 12:21
Глен Хэнлан працягне кіраваць нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі.
Дамоўленасць пра гэта дасягнутая 22 кастрычніка на сустрэчы 52-гадовагаканадскага спецыяліста са старшынём Федэрацыі хакея Уладзімірам Навумавым, паведамляе БелаПАН.
«Некалькі гадоў таму мы пачалі доўгі шлях да вяршыняў, і было б няправільна зараз усё пакінуць. Я з задавальненнем буду рыхтаваць каманду да Алімпіяды і чэмпіянату свету», — прыводзіць словы Хэнлана прэс-служба ФХРБ.
Трэнер пакуль не ведае, ці будзе ён жыць у Беларусі ці вернецца дадому.
20 кастрычніка канадзец і яго памочнікі былі звольненыя з менскага «Дынама» пасля хатняй паразы ад хабараўскага «Амура» (1:4). На наступны дзень Навумаў прапанаваў Хэнлану працягнуць працу са зборнай, пасля чаго трэнер папрасіў дзень на роздум.