Казіно «Шангры-Ла»: Мы не ведаем, навошта ляцелі ў Менск пасажыры самалёта, які ўпаў
- 27.10.2009, 9:48
Кампанія «Шангры-Ла» пракаментавала сайту www.charter97.org інфармацыю пра тое, што расейцы ляцелі ў іх казіно ў Менску.
Раней са спасылкай на прадстаўніка беларускіх авіяцыйных уладаў паведамлялася, што элітны авіялайнер, які разбіўся ноччу 26 кастрычніка пад Менскам, павінен быў прыляцець у сталіцу Беларусі па замове кампаніі «Шангры-Ла».
Пасля прыняцця ў Расеі закона аб упарадкаванні дзейнасці казіно, шматлікія профільныя кампаніі перабраліся ў суседнія дзяржавы, у тым ліку ў Беларусь.
Нядаўна кампанія «Шангры-Ла» адкрыла казіно ў прэстыжным раёне Менска. Як мяркуецца, менавіта туды і накіроўваліся пасажыры авіялайнера, які разбіўся. На борце знаходзіўся гендырэктар авіякампаніі «С-ЭЙР» Марат Рамашкін.
Дырэктар па сувязях з грамадскасцю менскага казіно «Шангры-Ла» Лаўрэнці Губін пракаментаваў гэтую інфармацыю ў інтэрв'ю сайту www.charter97.org.
«Наколькі я ведаю, у салоне знаходзілася 5 чалавек. Сітуацыя заключаецца ў тым, што Рамашкін у Маскве ў свой час быў госцем нашай установы. Калі ён ляцеў у Менск, ён папрасіў нас арганізаваць яму сустрэчу і дапамагчы з размяшчэннем у гатэлі», -- заявіў Губін.
У той жа час дырэктар па сувязях з грамадскасцю казіно «Шангры-Ла» адмаўляе, што тыя, хто загінуў у авіякатастрофе пад Менскам, з'яўляліся гасцямі ўстановы.
«Па якіх прычынах Рамашкін сюды ехаў і хто яшчэ знаходзіўся на борце самалёта, не ведаю. Паколькі ён раней быў нашым госцем, мы ад імя нашай кампаніі выказваем шчырыя спачуванні яго блізкім і сваякам», -- сказаў Лаўрэнці Губін.