Гары Паганяйла: Улады ўвесь час ухітраюцца перакруціць выбарчы працэс
- 27.10.2009, 11:26
Змены выбарчага заканадаўства не забяспечаць правядзенне дэмакратычных выбараў у Беларусі, заяўляюць праваабаронцы.
Старшыня Цэнтравыбаркаму Беларусі заявіла, што ў Выбарчы кодэкс будуць унесеныя папраўкі з улікам пажаданняў АБСЕ. Па запэўненнях Лідзіі Ярмошынай, пасля праведзенай «працы над памылкамі», Выбарчы кодэкс краіны будзе адпавядаць усім еўрапейскім стандартам. Незалежныя эксперты і палітыкі лічаць, што змены не дапамогуць правесці свабодныя і дэмакратычныя выбары, паколькі ва ўлады назапашаны багаты досвед маніпулявання дадзенымі выбарчых кампаніяў, паведамляе «Нямецкая хваля».
Праваабаронца Людміла Гразнова нагадала пра тыя парушэнні, з якімі ёй як незалежнаму кандыдату прыйшлося сутыкнуцца падчас апошніх парламенцкіх выбараў увосень 2008 года. Гаворка ідзе і пра нядопуск незалежных назіральнікаў да месца падліку галасоў, і пра запаўненне чальцамі выбарчых камісіяў ужо гатовых пратаколаў, і пра укідку бюлетэняў.
У сваю чаргу прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта (БХК), юрыст Гары Паганяйла заявіў, што і цяпер дзейсны Выбарчы кодэкс дазваляе праводзіць выбары ў Беларусі цалкам дэмакратычна. Тым не менш, адзначае юрыст, улады ўхітраюцца «перакруціць выбарчы працэс». Паганяйла нагадаў, што ніводныя выбары ў Беларусі за апошні час не былі прызнаныя дэмакратычнымі.
Усё гэта, на думку юрыста, адбываецца таму, што ў кодэксе дэталёва не прапісаныя правы і абавязкі ніводнага з бакоў, якія ўдзельнічаюць у выбарчым працэсе. Як не прапісаныя механізмы захавання гэтых правоў.
І назіральнікі, і кандыдаты, акрамя праўладных, і выбарцы, і шэраговыя чальцы выбаркамаў надзеленыя дэкларатыўнымі правамі, падкрэслівае Гары Паганяйла. Таму назіральнікаў можна «засунуць» у самы далёкі кут, а то і зусім выдаліць з участку, кандыдата можна зняць з перадвыбарчай гонкі за надуманае парушэнне, а выбарца прымусіць галасаваць датэрмінова, прыводзіць прыклады юрыст.
Яшчэ адна праблема, на яго думку, гэта тое, што выбарчыя камісіі ствараюцца па прынцыпе падпарадкаванасці. На чале выбарчай камісіі можа быць начальнік цэха, альбо дырэктар школы, а шэраговыя чальцы - залежныя ад іх і ў паўсядзённым жыцці, і ў працы людзі.
Акрамя таго, у цяперашні час у Выбарчым кодэксе Беларусі не замацаваныя крытэры, па якіх выбары на ўчастку, у выбарчай акрузе ці ў цэлым па краіне могуць быць прызнаныя несапраўднымі, кажа Гары Паганяйла. На яго думку, гэта дазваляе ЦВК нават пры наяўнасці сур'ёзных парушэнняў прызнаць выбары і заявіць, што памылкі былі, але яны не паўплывалі на вынікі ў цэлым.
Выправіць сітуацыю, лічаць эксперты, дапаможа ўнясенне адпаведных паправак. Перш за ўсё, неабходна дэталёва прапісаць парадак абскарджання дзеянняў адміністрацыяў, якія фармавалі выбарчыя камісіі, кажа Гары Паганяйла. У камісіях павінны быць прапарцыйна прадстаўленыя ўсе партыі, грамадскія рухі і аб'яднанні, якія прымаюць удзел у выбарах, настойвае праваабаронца.
У кодэксе таксама трэба дакладна сфармуляваць «гарантыі сумленных выбараў», дадае юрыст. Перш за ўсё, гэта адкрытасць і даступнасць дадзеных выбаркамаў не толькі для назіральнікаў, СМІ, але і для кожнага грамадзяніна краіны.
«У нашай краіне не важна, якое дзейнічае заканадаўства, калі яго праваўжыванне будзе адваротным, ніводзін дасканалы закон не будзе працаваць», - кажа эксперт. Ён падкрэслівае, што патрэбныя гарантыі, каб кантраляваць выбары маглі ўсе, хто зацікаўлены ў іх сумленным правядзенні.