Абяцаны паказ «Бясслаўных ублюдкаў» у Менску адмяняецца
- 27.10.2009, 15:53
Блакбастэр культавага рэжысёра Квенціна Таранціна не выйдзе на экраны менскіх кінатэатраў.
Знатакі творчасці Таранціна чакалі «Бясслаўных ублюдкаў» яшчэ ў жніўні гэтага года. Аднак гэтым разам «Кінавідэапракат» заявіў, што паказ стужкі адмяняецца ў сувязі з «тэхнічнымі праблемамі», якія ўзніклі ў беларускага бока з расейскімі дыстрыб’ютарамі.
У то час як кінастужка выйшла ў шырокі пракат еўрапейскіх краін, беларускаму кінааматару заставалася праглядаць фільм на лічбавых носьбітах у межах уласнай кватэры.
Аднак «Кінавідэапракат» ўсё ж абнадзеіў беларускага гледача, заявіўшы, што скандальная кінастужка будзе паказаная пазней. Чакалася, што фільм будзе прадстаўлены ў рамках праекту «Каннаманія» у менскім Доме кіно 29-30 лістапада. Аднак, як стала вядома нашаму сайту, і гэтым разам доўгачаканая прэм'ера «Бясслаўных ублюдкаў» Квенціна Таранціна адмяняецца.
Пра гэта у інтэрв'ю www.charter97.org распавёў дырэктар прадпрыемства «Кінавідэапракат» Васіль Коктыш.
«Мы думалі, што паказ адбудзецца 30 кастрычніка, аднак ён часова адкладзены, -- заявіў Васіль Коктыш. -- Дагэтуль не можам расставіць усе коскі з праваўладальнікамі, якія сядзяць у Лондане. Гэта United Pictures International. Мы працуем з іх маскоўскімі дыстрыб’ютарамі. Але яны паміж сабой усё яшчэ не могуць дамовіцца. Так што зараз плануем запусціць фільм у снежні. Толькі не трэба шукаць у гэтай сітуацыі падводных камянёў. Ніякіх палітычных праблем тут няма».
Нагадаем, што гэта ўжо другая кінапрэм’ера ў 2009 годзе, якая не выйшла на вялікія экраны менскіх кінатэатраў. У жніўні стала вядома пра адмену паказу гангстэрскай кінастужкі «Джоні Д» рэжысёра Майкла Манна.