Мінздраў: На свіны грып у Беларусі хварэюць, але паміраюць ад пнеўманіі
- 30.10.2009, 13:31
Чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя правялі сёння ў Менску прэс-канферэнцыю.
У Беларусі лабараторна пацверджаныя 38 выпадкаў «свінога» грыпу, але смяротных выпадкаў не было, паведаміў журналістам першы намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Роберт Часнойць.
«Зарэгістравана 38 выпадкаў «свінога» грыпу, з якіх цалкам вылечаныя 35 выпадкаў, 3 чалавекі працягваюць атрымліваць лячэнне. Смяротных выпадкаў ад «свінога» грыпу ў Беларусі не зарэгістравана», - цытуе Часнойця «Інтэрфакс».
Першы намеснік міністра ў гэтай сувязі ўдакладніў, што «за апошнія два тыдні было чатыры смяротных выпадкі ў Беларусі ад вострай пнеўманіі.
Закранаючы пытанні пра тых, хто захварэў на «свіны» грып, першы намеснік міністра ўдакладніў, што «асноўная маса - гэта замежнікі». Пры гэтым ён адмовіўся ўдакладніць, якіх краінаў гэта грамадзяне. Разам з тым Часнойць удакладніў, што «статыстыка па «свіным» грыпе ў Беларусі можа змяніцца, таму што ёсць група гасцей Беларусі, якія праходзяць праверку на грып A/H1N1.
Першы намеснік міністра аховы здароўя Беларусі заклікае насельніцтва падчас сезоннага ўздыму захворвання ВРЗ і грыпам насіць маскі.
«Нашэнне маскі падчас павелічэння захворвання ВРЗ і грыпам - важная прафілактычная мера. Людзі павінны падумаць не толькі пра тое, каб не заразіць сябе, але і пра тое, каб не заразіць іншых», - заявіў Часнойць. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ва ўмовах павелічэння захворвання ВРЗ і грыпам «насельніцтву трэба думаць пра імунную сістэму, пра здаровы лад жыцця».
Часнойць паведаміў, што ў дзяржаўных аптэках маецца неабходны запас лекавых прэпаратаў для прафілактыкі і лячэння ВРЗ і грыпу, а таксама іх ускладненняў.
Закранаючы выяўленні і лячэнне «свінога» грыпу, ён адзначыў, што «у беларускіх медыкаў ёсць дакладны алгарытм, як лячыць». Пры гэтым Р.Часнойць дадаў, што на гэтым тыдні створаная працоўная група для выяўлення, кіравання і аналізу сітуацыі са «свіным» грыпам.
Як раней паведамляў сайт www.charter97.org, у апошні час у байнэце сталі з'яўляцца паведамленні пра смяротныя выпадкі ў менскіх шпіталях ад свінога грыпу.
28 кастрычніка ў сетцы з'явілася інфармацыя пра смерць некалькіх чалавек у 5-м шпіталі. Блогер sammy_belarus паведамляў, што ў рэанімацыі ад віруса A/H1N1 памерлі два чалавекі: 30 і 37 гадоў.
Таксама блогер czy прывёў інфармацыю, што лятальныя выпадкі ад свінога грыпу зафіксаваныя ў шмат якіх шпіталях беларускай сталіцы.
У сваю чаргу ўрачы ў 5-м клінічным шпіталі адмовіліся пракаментаваць нашаму сайту гэтую інфармацыю. А ў Камітэце па ахове здароўя Менгарвыканкама заявілі, што яшчэ не атрымалі пацверджання, што людзі памерлі менавіта ад свінога грыпу.Тым часам у суседняй Украіне ўжо абвешчаная эпідэмія грыпу – у некаторых абласцях краіны ўжо дзейнічае карантын.