Менскіх пратэстантаў дапытвае міліцыя
- 30.10.2009, 16:54
Апошнім часам евангельскія вернікі становяцца аб’ектам занадта пільнай увагі праваахоўных органаў Беларусі.
Як паведамляе сайт belarusnews.ru, нядаўна хату менскай сям’і Каграманян наведаў участковы міліцыянт. Супрацоўнік міліцыі задаваў прамыя пытанні, датычныя веравызнання.
Сярод іншых пытанняў былі: Ці з’яўляецеся вы вернікамі? Вы служыцель? У якой царкве вы служыце? Да якой царквы адносіцеся? Які вы вернік – хрысціянін..? Якое дачыненне маеце да Кавалёва,72? (адрас пратэстантскай царквы «Новае жыццё», якую пераследуюць улады). Вы там праводзіце службы? А дзе праводзіце службы, дома? Што вы рабілі на Кавалёва,72 у царкве «Новае жыццё»?»
Пасля агляда хаты ўчастковы міліцыянт запісаў адказы і папрасіў падпісаць тлумачальную. На пытанне, з якой мэтай усё гэта робіцца, участковы адказаў, што пры РУУС ёсць чалаек, які займаецца дадзеным пытаннем.
«На наступны дзень мы даведаліся, - кажа Крысціна Каграманян, - што міліцыя апытала суседзяў пра нас, пра нашых дзяцей: «Як жывуць, куды ходзяць, з кім сябруюць». Праводзіцца расследаванне, нібы мы злачынцы. Суседзі былі шакаваныя такой дзіўнай «увагай» да нас, бо ў нас рэпутацыя добрапрыстойных грамадзян. Некаторыя не разумелі, чаму міліцыя цікавіцца нашымі рэлігійнымі поглядамі... што ў гэтым крымінальнага?»
Сям'я Каграманян пражывае ў Менску. Яны з'яўляюцца вернікамі цэрквы «Новае Пакаленне».