Улады хаваюць эпідэмію свінога грыпу з меркаванняў эканоміі?
- 30.10.2009, 17:05
Медыкі не ў стане штосьці супрацьпаставіць новай хваробе - дыягностыка дарагая, вакцына не закуплена.
«У Беларусі зараз лабараторна не пацверджаны ніводны выпадак смерці ад «свінога» грыпу», заявіў міністр аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко агенцтву «Інтэрфакс-Захад» 30 кастрычніка. Чым не падстава для гонару за айчынную медыцыну? Ва ўсім свеце фіксуюцца сотні тысяч выпадкаў заражэння, тысячы смяротных зыходаў, цэлыя краіны закрываюцца на карантын і толькі Беларусь як выспа стабільнасці і дабрабыту знайшла ўсяго 38 захварэлых на новы грып і тут жа вылечыла іх, піша сайт Хвароба.ком.
І вось што дзіўна, найбольшая колькасць зафіксаваных выпадкаў заражэння А(H1N1) ні дзе-небудзь, а ў ЗША і Вялікабрытаніі. Беларускае тэлебачанне ў гэтай сувязі, пачынаючы са жніўня, з захапленнем смакуе паніку ў багаценькіх краінах, дзе людзі змятаюць з паліц супрацьвірусныя прэпараты, «дзяруцца» за вакцыны. БТ бічуе фармацэўтычныя карпарацыі, якія нажываюцца на пандэміі, выкрывае таемныя спружыны палітыкі масавага псіхозу з-за новай хваробы. А Беларусь, са сваёй бясплатнай медыцынай як адным з самых важных дасягненняў, чамусьці па статыстыцы захворванняў знаходзіцца ў адной групе з такімі прагрэсіўнымі ў медыцынскім плане краінамі як Манголія, Руанда, Сан-Томе і Прынсіпі. Менавіта ў гэтых краінах свіны грып знайшлі толькі зараз.
Ёсць адно простае тлумачэнне гэтаму феномену. Кошт масавага дыягнаставання непад'ёмны для беларускага бюджэту, а працэдура правядзення дыягностыкі дашчэнту забюракратызавана. Але самае галоўнае, беларускія медыкі не ў стане штосьці супрацьпаставіць новай хваробе. Упакоўка з 10 капсул шырокавядомага Таміфлю каштуе 30-50$, а пры эпідэміі запатрабуюцца сотні мільёнаў даляраў у маштабах краіны толькі на адны гэтыя лекі. Дадайце да гэтага неабходнасць закупу вакцыны і правядзенні комплексу мер для масавай вакцынацыі, а таксама паніку насельніцтва. Сусветны фінансавы крызіс і падзенне экспарту здадуцца дробнымі непрыемнасцямі.
Таму чыноўнікі ад доблеснай беларускай медыцыны абралі адзіную зразумелую і даступную ім тактыку барацьбы з напасцю – тактыку страўсаў: галаву ў пясок - і можа пранясе. Нават наяўнасць выпадкаў заражэння свіным грыпам прызналі толькі пасля з'едлівых заўваг чыноўнікаў суседніх краін, а галоўны эпідэміёлаг Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан прызналася, што ў Беларусі на свіны грып хварэюць, нават не ведаючы пра гэта.
Акрамя гэтага, выконваючы абавязкі дырэктара РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Аляксандр Пяткевіч заявіў сёння, што Расея не паставіла ў Беларусь абяцаную вакцыну ад вірусу A/H1N1.
«Вакцынай супраць свінога грыпу Беларусь абяцала забяспечыць Расея, але пакуль там вакцыну не вырабілі», -- перадае словы Аляксандра Пяткевіча «Інтэрфакс».