Усе школы Менска закрытыя на каранцін
- 31.10.2009, 15:54
Школы сталіцы Беларусі, паводле афіцыйнай версіі, у сувязі з высокім узроўнем захворвання ВРВІ, закрытыя на каранцін.
Пра гэта паведамілі ў камітэце па адукацыі Менскага гарвыканкама.
«Вакацыі ва ўстановах адукацыі сталіцы падоўжаныя на тыдзень», - адзначылі ў камітэце па адукацыі.
Як паведамілі сайту www.charter97.org, бацькі школьнікаў, сёння іх абзвоньвалі настаўнікі і казалі, што школы будуць закрытыя, як мінімум, на тыдзень.
У сваю чаргу галоўны санітарны ўрач Менска Фёдар Германовіч паведаміў БелТА, што пакуль афіцыйнага рашэння аб закрыцці школ Менска на каранцін не прынята.
«З мэтай зніжэння рызыкі ўзнікнення лакальных эпідэмічных ускладненняў у школах і абмежавання ўцягвання дзяцей і настаўнікаў у эпідпрацэс разглядаецца пытанне падаўжэння вакацыяў да 6 лістапада», - сказаў ён, адзначыўшы, што падаўжэнне вакацыяў на тыдзень дазволіць прадухіліць рызыку захворвання ВРВІ ці грыпам сярод школьнікаў і настаўнікаў.
Канчатковае рашэнне па гэтым пытанні будзе прынятае ў найбліжэйшы час, дадаў галоўны санітарны ўрач Менска.
Як раней паведамляў сайт www.charter97.org, у апошні час у байнэце сталі з'яўляцца паведамленні пра смяротныя выпадкі ў менскіх шпіталях ад свінога грыпу.
28 кастрычніка ў сетцы з'явілася інфармацыя пра смерць некалькіх чалавек у 5-м шпіталі. Блогер sammy_belarus паведамляў, што ў рэанімацыі ад віруса A/H1N1 памерлі два чалавекі: 30 і 37 гадоў.
Таксама блогер czy прывёў інфармацыю, што лятальныя выпадкі ад свінога грыпу зафіксаваныя ў шмат якіх шпіталях беларускай сталіцы.
Чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя абвяргаюць гэтую інфармацыю і заяўляюць, што ў Беларусі лабараторна пацверджаныя 38 выпадкаў свінога грыпу, але смяротных выпадкаў не было. Першы намеснік міністра Роберт Часнойць у гэтай сувязі ўдакладніў, што «за апошнія два тыдні было чатыры смяротныя выпадкі ў Беларусі ад вострай пнеўманіі».
Тым часам, выканаўца абавязкаў дырэктара РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Аляксандр Пяткевіч заявіў, што Расея не паставіла ў Беларусь абяцаную вакцыну ад віруса A/H1N1.
«Вакцынай супраць свінога грыпу Беларусь абяцала забяспечыць Расея, але пакуль там вакцыну не зрабілі», -- сказаў спецыяліст.
У той жа час у Смаленску медыкі выявілі свіны грып у людзей, якія вярнуліся з Беларусі.
У суседняй Украіне ўчора была абвешчаная эпідэмія свінога грыпу – у некаторых абласцях краіны ўжо дзейнічае каранцін.