Праваабаронцы: Санкцыі могуць быць адмененыя толькі пасля вызвалення палітвязняў
- 5.10.2009, 15:11
Грамадскія дзеячы перадалі ў амбасаду Чэхіі калектыўны зварот у сувязі з нядаўняй заявай міністра замежных спраў Італіі Франко Фраціні.
У сваёй заяве праваабронцы адзначаюць, што адмяняць санкцыі ў дачыненні да беларускіх уладаў можна толькі пры выкананні шэрага ўмоў. Гэта – неадкладнае вызваленне палітвязняў Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Арцёма Дубскага, а таксама расследаванне палітычна матываваных выкраданняў.
Зварот перадалі прадпрымальнік Юры Лявонаў, які нядаўна вызваліўся з турмы, праваабронцы Ігар Леднік і Кацярына Садоўская.
Такім стаў адказ беларускіх праваабронцаў міністру замежных спраў Італіі Франко Фраціні, які падчас нядаўняга візіту ў Менск заявіў, што Італія падтрымлівае поўную адмену візавых санкцый ЕЗ для беларускіх чыноўнікаў, і будзе імкнуцца аб’яднаць вакол сябе краіны, якія падтрымаюць гэту ініцыятыву.
«Фраціні назваў сваю ініцыятыву «падтрымкай намаганняў Беларусі, якія яна прыкладае для збліжэння з Еўропай». Якой Беларусі? Якая, не гледзячы на ўзятыя ў траўні абавязацельствы выконваць правы чалавека ў рамках Пражскай дэкларацыі «Усходнягя партнёрства» летам выносіць палітычныя прысуды Максіму Дашуку і Арцёму Дубскаму, прызнаным «Amnesty International» Вязнямі сумлення па «справе 14-ці»? Якая маніпулюе меркаваннем Еўропы пры дапамозе замоўленых экспертыз па справе прадпрымальніка Аўтуховіча? Гэтай Беларусі патрэбная падтрымка?
На наступны дзень пасля адмены санкцый Еўропа атрымае новы віток пераследу беларускіх прадпрымальнікаў і праваабронцаў. І тады можна будзе ставіць тлусты крыж на «Усходнім партнёрстве». Я спадзяюся, што кіраўніцтва іншых краін Еўразвяза, у адрозненне ад Італіі, цалкам асэнсоўваюць небяспечныя наступствы такога кроку і праігнаруюць аб’яднаўчую ініцыятыву Фраціні», - заявіў Ігар Леднік.
13 кастрычніка 2008 года Рада ЕЗ на ўзроўні кіраўнікоў МЗС у Люксембургу прыняла рашэнне аб прыпыненні на паўгады забароны на ўезд у краіны Еўразвяза Аляксандра Лукашэнкі і 35 беларускіх чыноўнікаў. Пры гэтым рашэнне пра замарожванне рахункаў 41 беларускага чыноўніка засталося ў сіле. 16 сакавіка 2009 года рашэнне аб прыпыненні санкцый было працягнута яшчэ на дзевяць месяцаў.
Санкцыі дзейнічаюць у дачыненні да 5 службовых асобаў – кіраўніка Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, былога дзяржсакратара Савета бяспекі Віктара Шэймана, былога кіраўніка МУС Юрыя Сівакова, былога міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава і былога камандзіра брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС Дзмітрыя Паўлічэнкі. Міравая супольнасць падазрае іх у фальсіфікацыі выбараў і датычнасці да знікненняў беларускіх палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага і журналіста Зміцера Завадскага.