У канцы кастрычніка кошты вырастуць мінімум на 30%
- 7.10.2009, 9:21
Пастанова Мінэканомікі №141, якая адмяняе абмежаванне гандлёвых надбавак, павінна ўступіць у сілу 28-29 кастрычніка.
Пра гэта паведаміў дырэктар дэпартамента коштавай палітыкі Мінэканомікі Беларусі Ігар Фамін на паседжанні Бізнэс-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара М.С.Куняўскага, перадае БелТА.
Як адзначыў Ігар Фамін, у цяперашні час вакол пастановы наганяецца «нездаровы ажыятаж». Разам з тым існуе пэўны парадак праходжання дакумента. Пастанова №141 ад 19 жніўня ўносіць змены ў інструкцыю аб парадку фармавання і прымянення коштаў і тарыфаў, зацверджаную пастановай №183. 22 верасня яна прайшла рэгістрацыю ў Нацыянальным рэестры прававых актаў, 13 кастрычніка плануецца яе апублікаванне ў рэестры, а 14 кастрычніка дакумент павінен быць апублікаваны ў газеце «Рэспубліка». Сілу пастанова набудзе праз 15 дзён з даты апублікавання, тобок гэта павінна адбыцца 28-29 кастрычніка.
Вырашана адпусціць «на волю» гандлёвыя надбаўкі практычна па ўсіх відах прадукцыі. Захоўваецца 50 пазіцыяў тавараў, па якіх надбаўкі будуць рэгулявацца. Таксама адпускаюцца «на волю» імпарцёры. «30-адсоткавае абмежаванне па імпарцёрах прадугледжана толькі па прадукцыі, якая будзе выкарыстоўвацца ў далейшым для ўласнай вытворчасці на давальніцкіх умовах і ў адпаведнасці з дадаткам №1», - патлумачыў прадстаўнік Мінэканомікі.
Пастанова №141 дазваляе дзяліць аптовую зніжку паміж неабмежаванай колькасцю звёнаў. «Калі раней яе дзяленне дазвалялася толькі ў тым выпадку, калі гандлёвая сетка з'яўляецца даччыным прадпрыемствам, дык зараз дзяленне аптовай зніжкі, якую дае вытворца, магчымае паміж неабмежаванай колькасцю звёнаў», - распавёў Ігар Фамін.
Прадстаўнік Мінэканомікі падкрэсліў, што далейшая лібералізацыя ў сферы коштаўтварэння будзе залежаць непасрэдна ад прадпрымальнікаў. «У гэтым годзе, я лічу, мы зрабілі вельмі сур'ёзныя крокі, - сказаў Ігар Фамін. - Але ёсць нядобры прэцэдэнт, калі мы выключылі чатыры пазіцыі з пераліку сацыяльна значных, і ў наступным месяцы назіралі рост тарыфаў на паслугі хімчысткі на 50%. Вельмі некарэктна павялі сябе. Хацелася б папрасіць, каб гэта адбывалася цывілізавана. Трэба ўзняць на 20-30% - паспрабуйце зрабіць гэта паэтапна».
Пастановай Мінэканомікі №183 ад 10 верасня 2008 года зацверджаны Пералік імпартаваных тавараў са свабодным коштаўтварэннем. Пастановай адменена больш за 20 нарматыўных прававых актаў у сферы коштаўтварэння, у ліку якіх і пастанова №179 ад 27 жніўня 2008 года, якая выклікала пратэст прадпрымальнікаў і фактычна ўсталявала двухузроўневую сістэму фармавання коштаў на імпартныя тавары: лімітная гандлёвая надбаўка 30% на ўваходзе тавара, плюс надбаўка да 30% у руху тавара ў гандлёвай сетцы.