BE RU EN

Праваабаронцам забаранілі пікет супраць смяротнага пакарання

  • 9.10.2009, 9:14

Баранавіцкім праваабаронцам забаранілі правядзенне пікету, прымеркаванага да Міжнароднага дня барацьбы за адмову ад смяротнага пакарання.

Заяўку на правядзенне акцыі 24 верасня накіравалі ў Баранавіцкі гарвыканкам Віктар Сырыца, Карней Пятровіч і Сяргей Гоўша. Яны планавалі правесці пікетаванне 10 кастрычніка, якое абвешчанае ААН Міжнародным днём барацьбы за адмову ад смяротнага пакарання. Мэта акцыі — прыцягнуць увагу грамадскасці і ўладаў да праблемы смяротнага пакарання ў Беларусі. Пікет планавалася правесці з 12.00 да 13.00 ля фантана на бульвары Хейнола.

Як паведаміў БелаПАН Сяргей Гоўша, з адказу, атрыманага 8 кастрычніка, вынікае, што ў правядзенні акцыі адмоўлена, бо пададзеная заяўка не адпавядае дзейсным нарматыўным актам.

«Па якіх крытэрах яна не адпавядае дзейсным нарматыўным актам, не паведамляецца, таму мы лічым адказ адпіскай, — заявіў Гоўша. — Акрамя таго, адказ атрыманы з парушэннем тэрміна. У адпаведнасці з законам «Аб масавых мерапрыемствах» мы павінны атрымаць яго за пяць дзён да заяўленага мерапрыемства».

Актывіст выказаў намер накіраваць скаргу ў пракуратуру.

Апошнія навіны